На вуліцы пануе залатая восень – пара, калі прырода апранаецца ў свае самыя яркія ўборы, а ў паветры адчуваецца асаблівы настрой. Кастрычнік непарыўна звязаны з адным з самых светлых і важных свят – Днём настаўніка. Гэта свята людзей, якія штодня дораць дзецям часцінку душы, дзеляцца ведамі і вучаць быць сапраўднымі людзьмі.
Напярэдадні прафесійнага свята ў нашым раёне адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае тым, хто абраў для сябе высакародную місію – вучыць і выхоўваць. У атмасферы ўдзячнасці і павагі гучалі цёплыя словы ў адрас педагогаў, якія прысвяцілі сваё жыццё дзецям.
Адным з самых кранальных момантаў свята стала цырымонія ўзнагароджання ў намінацыі “За адданасць прафесіі-2026”. Гэтай ганаровай узнагароды была ўдастоена ветэран педагагічнай працы Алена Макарэвіч.
Алена Уладзіміраўна родам з маляўнічай Другой Слабодкі.
– Я са шматдзетнай сям’і: у бацькоў выхоўвалася сямёра дзяцей, і я – самая малодшая, – з цеплынёй успамінае жанчына. – Напэўна, менавіта гэта і паўплывала на мой выбар. Заўсёды была побач з братамі і сёстрамі, дзе адзін аднаго падтрымлівалі, бавілі час разам, клапаціліся аб кожным. Менавіта тады я зразумела: хачу быць выхавальнікам.
Пасля заканчэння школы Алена Уладзіміраўна паступіла ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Гэта былі гады насычанай вучобы, якія заклалі трывалы падмурак будучага прафесійнага шляху гераіні. Атрымаўшы дыплом і ўжо будучы замужам дзяўчына вярнулася на Петрыкаўшчыну. Яе муж, Сяргей Іванавіч, родам з Жыткавіч, але маладыя вырашылі будаваць сваё жыццё менавіта на малой радзіме Алены Уладзіміраўны. Так пачалася гісторыя іх сям’і і прафесійнага шляху нашай гераіні.
Працоўны шлях Алены Уладзіміраўны – гэта ўзор сапраўднай любові да прафесіі. Будучы маладым спецыялістам, педагог прыйшла працаваць у Чалюшчавіцкі дзіцячы садок. Пятнаццаць гадоў працы выхавальніка, а потым яшчэ дваццаць пяць гадоў гераіня артыкула ўзначальвала ўстанову. Сорак гадоў – лічба, якая не можа не выклікаць павагі. За ёю стаіць штодзённая, карпатлівая праца, і, самае галоўнае, шчырая любоў да дзяцей.
– Праца выхавальніка патрабуе велізарнай любові, цярпення, сіл і поўнай самааддачы. Трэба ўмець быць ласкавай мамай, добрым сябрам і мудрым настаўнікам для дзяцей. Важна ўмець уважліва выслухоўваць просьбы дзетак і аператыўна на іх рэагаваць. У гэтай прафесіі нельга быць абыякавым. Кожнае дзіця – гэта цэлы свет, і ты павінен умець зазірнуць у гэты свет, зразумець яго, дапамагчы яму раскрыцца, – дзеліцца суразмоўца.
Педагагічны вопыт Алены Уладзіміраўны – гэта сапраўдны скарб, якім яна шчодра дзялілася з маладымі калегамі, заўсёды гатовая падтрымаць і дапамагчы парадай.
– Вось ужо год, як я на заслужаным адпачынку, але сэрца ўсё роўна імкнецца туды, у садок. Сумую па нашым дружным калектыве, па той асаблівай атмасферы. Дзіцячы смех – лепшы гук у свеце, – шчыра прызнаецца Алена Уладзіміраўна.
Жыццё ветэрана педагагічнай працы па-за сценамі дзіцячага садка таксама цесна звязана з дзецьмі.Алена Уладзіміраўна – шчаслівая маці і бабуля. У яе двое дарослых дзяцей і пяцёра ўнукаў. Яны – галоўная радасць і крыніца сіл. У выхадныя і ў час школьных канікул дом Алены Уладзіміраўны і Сяргея Іванавіча напаўняецца вясёлым шумам. – У такія моманты я разумею: галоўная прафесія ў жыцці – быць чалавекам, які дорыць любоў.
Карыстаючыся выпадкам, Алена Уладзіміраўна звярнулася да сваіх былых калег:
– Хачу пажадаць вам, дарагія мае, жыццёвых сіл, невычэрпнай энергіі і, вядома, моцнага здароўя. Няхай кожны дзень вам прыносіць радасць. Жадаю творчых поспехаў і шчырай любові да сваёй працы.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.





