Зразумець важнасць пытання

0
241

Напэўна, многія падпісчыкі раённага выдання адсочваюць матэрыялы, размешчаныя на старонках газеты ў рамках рэалізацыі Указа № 630: журналісты выносяць праблему, адказныя структуры вырашаюць яе. Не адзін неналежны момант у пытаннях добраўпарадкавання, жыццядзейнасці насельніцтва вырашыўся ў супрацоўніцтве рэдакцыі з прадпрыемствамі і арганізацыямі. І ад выніку праведзенай сумеснай работы ўсе бакі задаволеныя. Але здараецца, што агучаная праблема не тое, што не вырашаецца, а пагаршаецца яшчэ больш, і гэта пры тым, што ў яе стабілізацыі маюць патрэбу землякі ад мала да вяліка.

У пачатку лета супрацоўнікі “Петрыкаўскіх навін” паднялі пытанне недастатковай колькасці майстроў па рамонту абутку ў райцэнтры: працаваў адзін майстар на няпоўны працоўны дзень. Адказнымі асобамі мясцовага КБА было заяўлена: будуць прыняты ўсе магчымыя меры, каб у гараджан і жыхароў раёна былі камфортныя ўмовы ў атрыманні дадзенай паслугі.
Надыходзіць зімовы сезон. Людзі “кінуліся” ў мясцовы камбінат бытавага абслугоўвання, каб адрамантаваць да халадоў абутак. Ды дарма. Шавец, які раней выконваў рамонт і працаваў хоць на няпоўную стаўку, па сямейных абставінах вымушаны знаходзіцца дома. Кліенты абураюцца: як так? Куды звяртацца за дапамогай? Дайшло да таго, што некаторыя землякі возяць рамантаваць абутак у Жыткавічы. Уявіце – што пра нас думаюць суседзі: горад расце, з’явіўся нават магутны камбінат, а элементарнага няма.
У нейкай ступені можна зразумець, што знайсці шаўца справа не з лёгкіх. Але ж павінна быць выйсце? Можа арганізаваць пункт збору абутку і адвозіць яго ў тыя ж суседнія гарады, або запрашаць хоць на некалькі дзён майстра з другіх раёнаў да нас?
Нейкі варыянт вырашэння пытання павінен знайсціся, бо праблема будзе даваць пра сябе знаць. Яна нікуды не дзенецца.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о