Прэзідэнт Беларусі, наведваючы Петрыкаў напярэдадні Дня Шахцёра ў 2021 годзе, адзначыў, што ААТ “Беларуськалій” з’яўляецца для краіны падставай для гонару: за адносна невялікі прамежак часу кампанія прайшла шлях ад першай шахтавай копры да буйной горна-хімічнай карпарацыі з уласнымі ўнікальнымі тэхналогіямі, інавацыйнымі прадуктамі і навукова-вытворчым кластарам, а адкрыццё ў Петрыкаве ГАКа стала новым штуршком для развіцця ўсяго раёна.
“З уводам Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу мы ўмацоўваем свае пазіцыі на сусветным калійным рынку. А ўвесь Петрыкаўскі раён атрымлівае новы стымул для развіцця і, бу-дзем спадзявацца, хутка дагоніць Салігорск і па заробках, і па ўзроўні жыцця”, – сказаў Аляксандр Рыгоравіч у прывітальным слове, запускаючы горна-абагачальны комплекс.
Сёння не знойдзецца ніводнага чалавека, хто б не заўважыў, як расквітнеў наш горад. Апрача маштабнай рэканструкцыі цэнтральных вуліц, быў зроблены касметычны рамонт практычна ўсіх устаноў горада.
Будаўніцтва Петрыкаўскага ГАКа на радовішчы калійных соляў дало натуральны імпульс развіццю сацыяльнай інфраструктуры. На гэта паўплывала будаўніцтва жылых дамоў для яго работнікаў, большасць з якіх – ура-джэнцы Петрыкаўшчыны.
Сям’я Наталлі і Аляксандра Пырко ў ліпені месяцы будзе адзначаць 15-годдзе сумеснага жыцця. Сацыяльныя гарантыі, якімі іх забяспечыла прадпрыемства, дазволілі сям’і без якога-небудзь страху стаць шматдзетнай, а Праграма Прэзідэнта па падтрымцы шматдзетных сем’яў – ільготнае будаўніцтва жылля – дазволіла не толькі пабудаваць дом мары, але і атрымаць датацыі на зніжэнне выплаты крэдыту на 50 працэнтаў.

Жыццё з усімі выгодамі
– З мужам пазнаёміліся, калі працавалі яшчэ на прадпрыемстве “Палессе-Аграінвест”. Ён тады працаваў на пасадзе інжынера-энергетыка, а я толькі пачынала свой шлях бухгалтара, – падзялілася з намі Наталля. – Цёплыя адносіны паміж намі завязаліся адразу. Пасля 6 месяцаў адносін ён зрабіў мне прапанову рукі і сэрца. Як толькі даведаліся пра будаўніцтва ГАКа, адразу зразумелі, што гэтае прадпрыемства будучыні.
Наталля да гэтага часу працавала ў Белаграпрамбанку спецыялістам па абслугоўванні кліентаў. Затым разам з мужам перайшлі на камбінат і пра гэта не шкадуюць.
– На ГАКу я працую з 2018 года, муж – з 2019. Зараз ён начальнік аддзялення СОіХХ СОФ Петрыкаўскага РУ ААТ “Беларуськалій”, а я эканаміст упраўлення Петрыкаўскага РУ. Сапраўды, мы шчаслівыя, што была створана такая вытворчасць – дадатковыя працоўныя месцы, жыллё з усімі выгодамі, у маладым мікрараёне “Паўночны” пабудаваны новы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Абноўлена заправачная станцыя, што таксама аблегчыла жыццё ўсім аўтамабілістам.
Акрамя гэтага, Наталля распавядае пра тых, хто атрымаў ключы ад кватэр у мікрараёне “Паўночны”.
– Для моладзі наша прадпрыемства – гэта неверагодны шанец рэалізаваць сябе ў прафесіі, стварыць сям’ю на роднай зямлі. Акрамя добрай працы з высокім заробкам і жыллём з поўным аздабленнем, да жылля прыкладаецца добраўпарадкаваная дваровая тэрыторыя. Каля кожнага дома маюцца аўтамабільныя стаянкі, а каля пад’ездаў – паркоўкі для веласіпедаў. Ёсць зоны адпачынку з альтанкамі, прастора для заняткаў спортам, пляцоўкі для гульняў у футбол, баскетбол, гандбол. Любімае месца дзяцей – арэлі, каруселі, горкі і пясочніца. Кожны летні дзень у раёне гучаць звонкія дзіцячыя галасы. Ці не гэта шчасце?

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о