У 2020 годзе Саветам Міністраў была зацверджана Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь “Актыўнае даўгалецце-2030”. Мэтай дакумента стала стварэнне ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, павышэнне якасці іх жыцця. Карэспандэнты раённай газеты даведаліся і ўбачылі на практыцы, як у родным горадзе рэалізуецца гэты напрамак.
Тэма актыўнага даўгалецця, магчымасці для людзей узросту 65+ рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей, правядзенні вольнага часу з карысцю прывяла нас у аддзяленне комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Петрыкаўскага ТЦСАН. Загадчыца аддзялення Алена Кохан адзначына, што любы чалавек, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, пры жаданні можа стаць наведвальнікам аддзялення.
– Сёння ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі сталага ўзросту маглі развівацца, мець зносіны з аднадумцамі, сачыць за сваім здароўем. У цэнтры нашай увагі – сацыяльная ўключанасць пажылых гараджан у жыццё грамадства, – дзеліцца Алена Дзмітрыеўна. – Аддзяленне стала для многіх землякоў другім домам, месцам для дыялогу, сустрэч са спецыялістамі, сябрамі і цікавымі людзьмі, тэрыторыяй пазітыўных эмоцый і рэалізацыі планаў, якія не здзейсніліся раней.
Па словах Алены Кохан, дасягаецца мэта, у першую чаргу, праз працу клубаў, якіх тут налічваецца сем. Кожны клуб мае свой напрамак: “Майстрыха” – рукадзелле, “Жыць здорава” – лячэбная фізкультура, танцы, скандынаўская хадзьба, “Камп’ютарная адукаванасць” – кансультацыя і навучанне ў працы на камп’ютары, “У самавара” – узаемадзеянне з катэгорыяй людзей 80+, “Неспакойныя сэрцы” – наведвальнікі гэтага клуба прымаюць удзел у рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных творчых, спартыўных фестывалях, “Маладыя душой” – клуб для аматараў мастацкай самадзейнасці, “Старэем граматна” – правядзенне сустрэч, экскурсій.
Аддзяленне наведвае 67 чалавек і, па словах загадчыцы, – дзверы ўстановы для землякоў заўсёды адчыненыя. Улічваючы той факт, што з наведвальнікамі працуюць першакласныя спецыялісты, а ўпраўленнем па працы арганізаваны падвоз на заняткі – магчымасць разнастаіць жыццё для людзей сталага ўзросту ўнікальная.
У час наведвання аддзялення вялася праца клуба “Майстрыха”, на занятках якога нам дазволіла папрысутнічаць спецыяліст па сацыяльнай рабоце Лілія Салавей. У кабінеце размясціліся выставы работ з падручных матэрыялаў: тканіна, ніткі, папера, бісер – кожная мела сваю індывідуальнасць і разыначка. Убачыўшы наша захапленне, Лілія Міхайлаўна дадала, што ў планах засвоіць тэхніку працы з кукурузным лісцем. Атмасфера на занятках нязмушаная, па-хатняму цёплая, прыдатная да дыялогу.
Тамара Пашук займалася вырабам вазы: наносіла на просты шкляны слоічак фарбу, налепку, лак. Вынік працы ўражваў: просты слоік ператвараўся ў прыгожую рэч. З яе слоў, такія сувеніры яна рыхтуе родным на розныя святы. Першы раз жанчына прыйшла на заняткі за кампанію перад Новым годам. З тых часоў – па магчымасці не прапускае сустрэчы з сябрамі.
– Галоўнае для мяне тут – зносіны з добрымі і чулымі людзьмі, магчымасць адысці ад хатніх спраў і прысвяціць вольны час цікавай справе, якая супакойвае і радуе вынікам, – дзеліцца Тамара Аляксандраўна. – Не буду хаваць, маё жыццё стала больш насычаным і яскравым пасля прыходу ў аддзяленне.
Алена Семяніцкая, далучыўшыся да размовы, прызналася, што ва ўстанову прыйшла па парадзе былой калегі, каб выратавацца ад болю і адзіноты.
– Калі памёр муж – жыццё набыло цёмныя фарбы. Душэўны стан быў цяжкі, апускаліся рукі, не хацелася нічога рабіць, – успамінае жанчына. Прыйшла ў аддзяленне і патрапіла да псіхолага. Ведаеце, на першым занятку я прагаварыла са спецыялістам больш за гадзіну, а мне здалося – пятнаццаць хвілін. Так, з дапамогай людзей, я паступова вярталася да паўнавартаснага жыцця, свайго захаплення – бісерапляцення. Тут сустрэла аднадумцаў па творчасці, людзей для паўсядзённых зносін.
Алена Аляксандраўна дэманструе свае карціны, якія не так даўно былі выстаўлены ў фае для ўсеагульнага агляду. У сюжэтных лініях твораў мастацтва адлюстраваны ўнутраны свет гераіні: рознабаковы і гарманічны.
Мы назіралі за вясёлымі, гаманкімі, занятымі сваімі творчымі справамі жанчынамі і бачылі перад сабой яркія вобразы землякоў, якіх узрост толькі ўзбагаціў новымі планамі, захапленнямі і адкрыццямі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий