Здаровы горад без тытуню!

0
496

У рамках рэалізацыі дзяржаўнага прафілактычнага праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі” прайшоў рэспубліканскі конкурс “Здаровы горад без тытуню!”

Здаровы горад без тытуню!Як расказаў галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі, у конкурсе прынялі ўдзел 72 населеныя пункты: 8 гарадоў паскоранага развіцця, 5 абласных цэнтраў, 47 раённых цэнтраў і 12 сельскіх населеных пунктаў.

“Мэта такога конкурсу – пазіцыянаванне прафілактычнай антытытунёвай дзейнасці. У падрыхтоўцы да конкурсу ўдзельнічалі спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі фельчар-лабарант Таццяна Шчучэнка і інструктар-валеолаг Вольга Сярова. Яны падрыхтавалі праект, дзе паказалі вынікі сваёй агітацыйнай дзейнасці супраць курэння, – удакладніў Сяргей Яўгенавіч. – Работа супрацознікаў нашай установы па аказанні дапамогі ў вырашэнні кінуць курыць вядзецца на працягу доўгага часу. Напрацаваны дакументы, буклеты і іншая карысная інфармацыя, якая дапаможа чалавеку зрабіць правільны выбар”.

“Пры наведванні ўстаноў адукацыі і культуры, прадпрыемстваў, месцаў масавага збору людзей у Петрыкаве мы чыталі лекцыі, якую шкоду можа нанесці арганізму чалавека тытунь, а таксама паказвалі розныя відэаролікі, графікі, табліцы, распаўсюджвалі наглядныя матэрыялы, якія змяшчаюць антытытунёвую тэматыку. Распавядалі пра псіхалагічную тэрапію, якая дапаможа паўплываць на рашэнне чалавека адмовіцца ад курэння на карысць здаровага ладу жыцця. Гэта і лягло ў аснову нашага відэапраекта”, – распавялі Таццяна і Вольга.

Члены журы выбралі па 3 пераможцы ў кожнай катэгорыі, ацэньваючы лепшыя паказчыкі па вызначаных крытэрыях па арганізацыі антытытунёвай дзейнасці ў населеных пунктах у 2022 годзе.
У катэгорыі “Раённыя цэнтры” Петрыкаў заняў ІІІ месца, саступіўшы Карме і Стаўбцам.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о