Мы часта шукаем герояў, чый жыццёвы шлях варты быць прыкладам, у нейкіх далёкіх гісторыях, не знаходзячы ў людзях, якія жывуць побач. А дарма.
Наведаць родную вёску Міхедавічы мяне натхніла размова з былым аднакласнікам. Ён абмовіўся, што ў вёсцы жыве жанчына, працоўная доблесць якой яскрава раскрывае сутнасць беларуса старэйшага пакалення: цягавітага, моцнага духам, патрыёта.
Еўдакію Канстанцінаўну Глушко я папярэдзіла пра свой візіт: зямлячцы пад дзевяноста гадоў і невядома, ці камфортна ёй сустракаць гасцей. Аднак апасенні былі дарэмныя: жанчына разам са сваім сацыяльным работнікам чакала мяне. І, забягаючы наперад, яшчэ невядома, хто атрымаў ад сустрэчы больш задавальнення: я – слухаючы пра людзей, з якімі пражыла побач доўгі час, ці гераіня – перагортваючы старонкі свайго жыцця.
– Калі немцы прыйшлі ў Міхедавічы, мне не было і шасці гадоў – той узрост, калі патрэбна было думаць пра школу. Але стала не да гэтага, – пачала аповед жанчына. – Бацька пайшоў у партызаны, а маці засталася з трыма малымі дзецьмі. Бацьку з вайны мы не дачакаліся: ён і яшчэ некалькі землякоў трапілі ў палон да немцаў. Калі мужчын гналі на чыгунку для адпраўкі ў Германію, каля Мышанкі тату расстралялі. На той час ён быў хворы, напэўна, акупанты вырашылі, што з яго карысці будзе мала.
Цяжка прыйшлося людзям у Вялікую Айчынную. Хаваліся ў лясах, балотах, галадалі, хварэлі. Многія паміралі – успамінаць і гаварыць цяжка.
З вялікімі стратамі жыхары вёскі дачакаліся Перамогі. Суразмоўца ўспамінае, што пасля вайны дарослыя і дзеці працавалі на зямлі з рання да ночы. Не было кавалка зямлі, які “гуляў”. Па-першае, патрэбна было сем’і карміць, вёску адраджаць. А па-другое, радасць панавала сярод людзей, што жывыя засталіся і на сваёй зямлі могуць спакойна працаваць. Дзеці пайшлі ў школу, якая размясцілася ў сельскай хаце, але мая гераіня прабыла там нядоўга. З маленства ўзялася за дарослую працу, каб быць памагатай маці: пляла лапці, дапамагала апрацоўваць надзелы з каксагызам, нормы якога даваліся на ўсіх членаў сям’і.
– Усё маё жыццё прайшло ў працы. І ведаеце, успамінаю пражытыя гады з задавальненнем. Хоць было цяжка, у людзей адчувалася жаданне працаваць. У той час не было ў вёсцы ніводнага чалавека без справы, ці сям’і, каб гаспадарку не трымала, – успамінае зямлячка. – Была ў мяне ў маладосці праца на тарфабрыкетным заводзе – ездзіла на заробак грузіць брыкет у машыны і ў міхедавіцкім лясніцтве. Але ўсё гэта было не маё. Галоўная ў маім жыцці справа, якой я аддала 23 гады, чакала мяне ў тады яшчэ калгасе “Пераможац”.
Той час, калі гераіня працавала даяркай – быў для яе асаблівым. Жанчына прыносіць – у прамым сэнсе – чамадан, дзе знаходзяцца нагрудныя знакі, дыпломы, падзякі за выніковасць у сацспаборніцтвах розных гадоў. Узнагароды вышэйшай пробы: ордэн “Знак Пашаны” і “Кастрычніцкай рэвалюцыі” – апошнім з якіх ганараваліся лепшыя з лепшых у часы Савецкага Саюза, былая даярка перадала на захаванне блізкім. Аднак ад майго позірку не скрыўся партрэт маладой прыгожай жанчыны з узнагародамі на камізэльцы, размешчаны ў хаце на самым пачэсным месцы.
– Была я перадавіком вытвор-часці амаль заўсёды. Дарэчы, раней, каб узялі даяркай, неабходна было зарэкамендаваць сябе. Скажу проста: я любіла сваю працу, добра ведала кожную кароўку, цялушку, што ім патрэбна і як да іх падысці, – працягвае зямлячка. – Мае абавязкі складаліся не толькі з таго, каб у час падаіць (па словах гераіні, надойвала з каровы за суткі да 30 літраў малака), але і падаслаць, пачысціць. Пачынала працаваць я за працадні, затым налічвалася заработная плата, але пра нейкія заахвочванні не думала. Узнагароды самі знаходзілі яе. Еўдакія Канстанцінаўна не хавае, што да ўзнагарод ад дзяржавы прыкладваліся і каштоўныя падарункі: газавая пліта, халадзільнік, посуд або дыван на сцяну, які і сёння радуе вока.
Нягледзячы на тое, што праца на ферме патрабавала часу і сіл, жанчына трымала і сваю гаспадарку, мела немалы надзел зямлі. Сваімі сіламі пабудавала хату і ўладкавала ўсё неабходнае для жыцця.
І сёння не страціла свайго жыццялюбства мая гераіня. Сваіх дзяцей мець не давялося, але яна не абдзелена ўвагай. На Петрыкаўшчыне жывуць сваякі, якія наведваюць і дапамагаюць, але жанчына не хавае: самы блізкі ёй чалавек – Наталля, яе сацыяльны работнік. З такой памочніцай ёй нічога не страшна: “Напэўна, за маё нялёгкае жыццё Бог паслаў мне такога чулага чалавека на старасць гадоў”.
Час за размовай прабег хутка. Мяне не пакідала адчуванне, што за простымі словам жанчыны схаваны вельмі важныя жыццёвыя рэчы. І я павінна іх разгадаць, адчуць тое галоўнае, што аб’ядноўвала маіх продкаў, рабіла іх непераможнымі і моцнымі.
З нагоды сустрэчы Еўдакія Канстанцінаўна падаравала мне прыгожы колішні саматканы ручнік. І я падарунак прыняла. Як памяць пра слаўнае пакаленне землякоў – працаўнікоў і стваральнікаў на сваёй зямлі.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий