Як засцерагчыся ад зламысніка з дзясяткам абліччаў?

0
332

Як засцерагчыся ад зламысніка з дзясяткам абліччаў?Нягледзячы на істотную работу, што праводзіцца з боку праваахоўнікаў і супрацоўнікаў зацікаўленых структур, у грамадстве ўсё роўна маюць месца факты махлярства, здзейсненага праз сродкі сучасных тэхналогій.

Так, толькі за адзін тыдзень мінулага месяца ў РАУС звярнулася двое землякоў, што пацярпелі ад махляроў. У першым выпадку жыхарка раёна 1952 года нараджэння перавяла на рахунак невядомых істотную суму грошай. Махляр прадставіўся супрацоўнікам КДБ і паведаміў, што ў “АЗБ Беларусбанк” на яе імя быў адкрыты рахунак на 30 тысяч долараў для здзяйснення злачыннай дзейнасці. Пасля зламыснік патрабаваў у жанчыны перавесці грошы на вызначаны рахунак, прыгразіўшы вобыскам. Жанчына выканала ўсе патрабаванні і перавяла 10 тысяч рублёў на рахунак ашуканца.
Другая грамадзянка Петрыкаўшчыны 1965 года нараджэння была зацікаўлена заробкам праз інвестыцыі і здзейсніла 7 грашовых транзакцый махляру, на агульную суму 17 тысяч 345 рублёў.
У абодвух выпадках былі распачаты крымінальныя справы па частцы 3 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса “Махлярства, здзейсненае ў буйным памеры”, што прадугледжвае адказнасць у абмежаванні волі на тэрмін ад 2-х да 5-ці гадоў ці пазбаўленні волі на тэрмін ад 2-х да 7-мі гадоў са штрафам ці без штрафу.
Гэтыя прыклады і агульная статыстыка сведчаць, што ад дзейнасці махляроў, якія выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, часцей за ўсё церпяць людзі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Адбываецца гэта з-за таго, што грамадзяне паважанага ўзросту больш даверлівыя, асабліва калі маюць справу з нібы афіцыйнымі асобамі, а таксама, у большасці сваёй, не так добра разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях. Акрамя гэтага, састарэлыя адзінокія людзі могуць быць ізаляваныя ад папярэджанняў пра небяспеку і, з іншага боку, маюць патрэбу ў зносінах – больш ахвотна ідуць на кантакт нават з незнаёмымі людзьмі.

Як зберагчы людзей паважанага ўзросту ад кіберзлачынцаў?
Варта пастаянна нагадваць навакольным пра прыклады ашуканства, асноўныя сцэнарыі, прыкметы падману і тое, што неабходна рабіць, калі грамадзянін уступіў у зносіны з падазронай невядомай асобай па тэлефоне ці праз інтэрнэт.

Званок ад “кампетэнтнай асобы”
Часцяком махляр прадстаў-ляецца супрацоўнікам банка ці сілавых структур (міліцыі, следчага камітэту, пракуратуры, КДБ). Яго асноўная задача – утрымаць ахвяру на лініі і вывесці з стану раўнавагі. Лепшы варыянт дзеянняў у такім выпадку: хутчэй скончыць размову і патэлефанаваць для высвятлення абставін па афіцыйным нумары тэлефона самастойна. Нумар вашага банка вы знойдзеце на адваротным баку вашай банкаўскай карткі, нумары тэлефонаў сілавых структур можна знайсці на афіцыйных сайтах райвыканкама ці ведамстваў. Памятайце пра пільнасць, часам зламыснікі выкарыстоўваюць вельмі падобныя на афіцыйныя нумары тэлефонаў.

Патрэбна тэрміновая дапамога
Схема просьбы пра дапамогу можа разгортвацца па некалькіх сцэнарыях. У першым выпадку вам можа напісаць у сацыяльных сетках знаёмы чалавек і з-за праблем са сваёй карткай папрасіць вас перавесці грошы ці паведаміць рэквізіты вашай карткі для тэрміновай патрэбы, а выдаткаваную суму паабяцае кампенсаваць вам пры першай сустрэчы.
У другім выпадку з акаўнтаў у сацыяльных сетках вашых сяброў можа паведамляцца пра бяду: здарэнне з дзецьмі ці страшную хваробу, што патрабуе хуткага і каштоўнага лячэння, а часу прамаруджваць няма – стаіць пытанне жыцця і смерці. Часам такія “карыстальнікі” нават падмацоўваюць сваю просьбу пра дапамогу фота ілжывых даведак ад урачоў і іншым.
Згодна з трэцім сцэнарыям вам можа патэлефанаваць ці напісаць невядомы пад выглядам супрацоўніка аператыўнай службы, выпадковага відавочцы ці “чалавека з сувязямі”, які паведаміць, што ваш блізкі здзейсніў ДТЗ ці злачынства і для хуткага вырашэння пытання без наступстваў трэба перавесці сродкі, ці перадаць грошы кур’ерам.
Ва ўсіх адзначаных сітуацыях трэба патэлефанаваць “пацярпеламу” па яго асабістым нумары тэлефона і пераканацца ў неабходнай дапамозе. Хутчэй за ўсё акаўнтам у сацыяльных сетках авалодалі злачынцы і просяць дапамогі ад імя вашага блізкага чалавека.

Шалёныя грошы пры мінімальных укладаннях
Як можна бачыць з вышэй пазначанага прыкладу, схемай падману можа стаць галіна інтэрнэт-інвестыцый. У такім выпадку ніколі не рабіце хуткіх рашэнняў. Трэба атрымаць кансультацыю ў вашым банку і праверыць усе неабходныя ліцэнзіі і рэгістрацыі прапануемага інвестыцыйнага фонду.

Ілжывая медыцынская ці сацыяльная дапамога
Пасля пандэміі набрала абароты падманная схема, калі невядомыя тэлефануюць ад імя медыцынскіх работнікаў і паведамляюць, што дзяржава абавязвае пенсіянераў прайсці медыцынскія абследаванні, пасля чаго пераконваюць набыць нейкія лекі ці заплаціць за хатняе медыцынскае абследаванне. Але пасля таго, як грамадзяне пераводзяць грошы, “медыцынскія супрацоўнікі” наўпрост знікаюць.
Бывае і інакш: пенсіянер сапраўды атрымлівае абяцаны “прэпарат” – але аказваецца, што пад відам цудоўных лекаў чалавек набывае звычайныя танныя вітаміны ці біялагічна актыўныя дабаўкі па занадта завышаным (у 10-20 разоў) кошце.
Махляры таксама могуць выдаваць сябе за сацыяльных работнікаў і тэлефанаваць з паведамленнем пра матэрыяльную дапамогу. Каб атрымаць сродкі трэба толькі аплаціць невялікую камісію.
У любым выпадку, калі да вас звяртаюцца супрацоўнікі медыцынскіх ці сацыяльных службаў, трэба патэлефанаваць ва ўстановы і атрымаць кансультацыю сапраўднага дзейснага спецыяліста.

Вядома, гэта не ўсе схемы, якімі карыстаюцца злачынцы. Асабліва ўважлівымі трэба быць пры атрыманні паведамленняў пра выйгрыш у латарэю, перамогу ў акцыі і пры знаёмстве ў інтэрнэце і ні ў якім разе не пераводзіць новым віртуальным знаёмым свае грошы. Часам пад выглядам разумеючага чалавека хаваецца сапраўдны злачынца.

Аляксандр СЕМІКОПЕНКА,
часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка РАУС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о