У дзень аўтамабіліста і дарожніка мы традыцыйна ўзгадваем кіроўцаў і працаўнікоў ДРБУ і толькі праз пэўны час разумеем, што за камфортнай паездкай з пункта А ў пункт В хаваецца работа многіх спецыялістаў, якія, на першы погляд, не трапляюць у поле нашага зроку. Вось так і за фразаю “адзін да Муляраўкі” не кожны набыўшы квіток пасажыр скажа “дзякуй” касіру.
Што крыецца за афармленнем праязных дакументаў і выдачай грашовай рэшты, мы пацікавіліся ў касе петрыкаўскай аўтастанцыі.

Таццяна Туравец працуе касірам не так даўно, але праца для жанчыны не новая: каля дзесяці гадоў Таццяна Васільеўна працавала ў Петрыкаўскім філіяле “Гомельаблаўтатранс” у аддзеле кадраў, а з выхадам на заслужаны адпачынак уладкавалася касірам.
– Зразумела, што тонкасці дакументазвароту давялося спасцігаць. Многім здаецца, што касір толькі прадае квіткі, але каля паловы майго працоўнага часу займае вядзенне пуцявых лістоў і іншай дакументацыі. Ды і не апошняя ўвага надаецца самім пасажырам, бо людзі трапляюцца розныя: некаторыя спяшаюцца, іншыя, наадварот, могуць крыху разгубіцца. Хоць гутарка з пасажырамі цягнецца не больш за хвіліну, кожнаму кліенту мы намагаемся ўдзяліць неабходную ўвагу. Дарэчы, гара-джане, пэўна, пагружаныя ў на-дзённыя справы, набываюць квіток нібы машынальна, а вось вяскоўцы ў стасунках больш лагодныя, часцяком вітаюць і дзякуюць добрым словам, – падзялілася назіраннямі Таццяна Туравец.

Ваяж пачынаецца з квіткаЯк адзначыла касір, моладзь, вядома, часцей выпраўляецца ў напрамку Калінкавіч, Мазыра, Гомеля. Але асабліва радуе, што і маршруты да буйных вёсак і аграгарадкоў не пустуюць – туды накіроўваюцца маладыя спецыялісты. У малыя вёсачкі едуць у большасці сваёй пенсіянеры, асабліва зараз, калі да 31 кастрычніка дзейнічае ільгота.
Увогуле, як адзначыла жанчына, пасажыры даволі ветлівыя ды і ўмовы палепшыліся: утульная, светлая зала чакання з тэлевізарам, пакой адпачынку для вадзіцеляў.
– Раней на аўтастанцыі было кафэ, і я крыху шкадавала, што гэтая кропка закрылася. Станоўча, што ў адноўленай аўтастанцыі апрача іншых выгод знайшлося месца для кропкі агульнага харчавання. Усё ж, пасажыру зручней, а ўсе мы, незалежны ад га-ліны і формы ўласнасці, працуем менавіта на карысць людзей, – падзялілася Таццяна Васільеўна.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о