Увага на якасць дарог

0
284

Увага  на якасць дарог

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка даручыў кіраўніку ўрада і яго намеснікам заняцца рамонтам і рэканструкцыяй дарог па ўсёй краіне, аб гэтым ён заявіў на нарадзе па кадравых пытаннях.

Беларускі лідар запатрабаваў забяспечыць высокую якасць работ пры рамонце і рэканструкцыі аўтадарог.
“Павінен быць вынік. Сачыце за гэтым. І арганізуйце людзей”, – загадаў ён структурам улады.

Раней Міністэрства транспарту і камунікацый паведаміла, што сёлета на рамонт і рэканструкцыю дарог у краіне будзе выдаткавана 1,3 мільярда рублёў. Гэта дазволіць адрамантаваць каля 1,7 тысячы кіламетраў аўтатрас.

Што тычыцца нашага раёна, то Петрыкаўшчына не стала выключэннем. Як распавёў дырэктар філіяла Петрыкаўскага ДРБУ-112 Канстанцін Варэннікаў, днямі завяршыўся рамонт дарогі на цэнтральнай вуліцы вёскі Галубіца.

“Агульная працягласць адрамантаванай дарогі Н-4003 “Пціч-Петрыкаў-Жыткавічы” склала 2 кіламетры 550 метраў – гэта частка дарогі каля аграгарадка Ляскавічы ў раёне былога дзіцячага лагера, а таксама дарога па вуліцы Савецкая ў вёсцы Галубіца. Калі казаць пра суму, то на рамонт затрачана 715 тысяч 623 беларускія рублі”, – агучыў інфармацыю дырэктар ДРБУ-112.

Па словах Канстанціна Варэннікава, усяго з абласнога бюджэту на бягучы рамонт дарог Петрыкаўшчыны выдаткавана 5 мільёнаў 150 тысяч рублёў, на дарожную гарызантальную разметку – 82 тысячы. Пад бягучы рамонт падпадае больш за 18 кіламетраў дарог, на рэканструкцыю – 13,6 кіламетраў. Па артыкуле ўтрымання мясцовай дарожнай сеткі вылучана 2 мільёна рублёў, у тым ліку на рамонт двух паромных перапраў.

На рэканструкцыю дарогі Н-18159 (пад’езд да гарадскога пасёлка Капаткевічы ад аўтадарогі М-10) выдаткавана 3 мільёны 890 тысяч беларускіх рублёў.

Агучыў спецыяліст участкі дарог, на якіх будзе арганізаваны бягучы рамонт: Пціч-Петрыкаў-Жыткавічы, Акцябрскі-Капцэвічы, Капаткевічы-Навасёлкі, Петрыкаў-Капцэвічы, Коржаўка-Залессе, Ляскавічы-Капцэвічы, Капаткевічы-Колкі, Петрыкаў-Муляраўка.

“ДРБУ-112 абслугоўвае 621,5 кіламетраў дарог, з іх 379,7 кіламетраў – з асфальтабетонным пакрыццём. У дарожнікаў нямала задач, але асноўная – забеспячэнне бяспечнага руху. А дарогі ўвесь час патрабуюць догляду і своечасовага рамонту”, – сказаў у канцы размовы Канстанцін Валер’евіч.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о