У сэрцы боль, а на душы радасць

0
495

Жывуць у гарадскім пасёлку Капаткевічы дзве жанчыны сталага ўзросту, малалетнія вязні канцэнтрацыйных лагераў. Штогод у перадсвяточныя майскія дні іх сэрцы працінаюць болем страшныя ўспаміны часоў вайны, а дамы гасцінна прымаюць дэлегацыі ўдзячных нашчадкаў.

У сэрцы боль,  а на душы радасць У сэрцы боль,  а на душы радасцьДэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Кралевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч напярэдадні Дня Перамогі наведалі Майю Данілаўну Семяніцкую і Надзею Рыгораўну Ермалінскую. На долю абедзвюх жанчын выпала неверагодна цяжкае дзяцінства. Маленькая Майя разам з мамай патрапіла ў лагер, спачатку ў Акцябрскім, затым у Азарычах. Надзея Рыгораўна ў поўнай меры спазнала рабства ў Нямеччыне. Аднак ім пашчасціла выжыць сярод холаду, голаду, хвароб і смерці.

Мінулі гады, выраслі дзеці, унукі, а ў памяці застаўся страх няволі, страх вайны. Падчас сустрэчы жанчыны неаднаразова паўтаралі, што быў бы мір на Зямлі, ды здароўе не падводзіла, а жыццё ў нас, у Беларусі, сёння добрае!
Няпростая доля гэтых цудоўных жанчын не пазбавіла жыццёвага аптымізму і стойкасці, веры і надзеі на лепшае, мудрасці і спагады. З мілай і ўдзячнай усмешкай прымалі Мая Данілаўна і Надзея Рыгораўна падарункі і кветкі ад прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, а нам здавалася, што гэта яны нас адорваюць шчасцем!

– Для нас вы з’яўляецеся ўзорам трываласці, цвёрдасці і самаадданай працы. Пазбаўленыя маленства, вы спазналі ўсе цяжкасці пасляваеннага аднаўлення краіны. Гэта вашымі працавітымі рукамі створаны падмурак нашага сённяшняга дабрабыту. Шчыры вам дзякуй і нізкі паклон, – пажадала жанчынам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Кралевіч.
Сяргей Аляксандравіч у сваю чаргу прапанаваў жанчынам дапамогу. Так, Маі Данілаўне будзе адрамантаваны ганак, а Надзеі Рыгораўне дапамогуць з выдаленнем хмызняковай расліннасці.
Са Святам Вялікай Перамогі вас, дарагія жанчыны! Здаровага вам даўгалецця!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о