Штогод, кожную апошнюю нядзелю жніўня, шахцёры многіх краін постсавецкай прасторы адзначаюць сваё прафесійнае свята. Мы не раз пісалі пра шахцёрскую справу, а сёння пазнаёмім вас з тым, як ажыццяўляецца транспарціроўка людзей, грузаў і калійнай солі ад запаветнага месца здабычы.

СЁННЯ – ДЗЕНЬ ШАХЦЁРА: Як соль зямлі трапляе  з нетраў на паверхнюНачальнік участка пад’ёму Аляксандр Каваленя пачынае распавядаць проста, каб складаны вытворчы працэс быў зразумелы дылетанту: “Уся дзейнасць у шахтах ажыццяўляецца праз два пад’ёмныя ствалы. Праз клецявы ствол нашы спецыялісты спускаюць і падымаюць персанал, а таксама грузы і так званыя “негабарыты”. Скіпавы ствол служыць для пад’ёму на паверхню карыснага выкапня. Акрамя гэтага мы адказныя і за цыркуляцыю паветра пад зямлёю, што ажыццяўляецца з дапамогай двух вентылятараў галоўнага праветрывання, – патлумачыў Аляксандр Фёдаравіч.

Нягледзячы на тое, што ўвесь працэс спуску і пад’ёму аўтаматызаваны, за абсталяваннем і надзейнай работай машын сочыць звыш шасці дзясяткаў чалавек. Гэта тэхналагічная змена са ствалавых-падземных і ствалавых спецыялістаў, машыністаў шахтных пад’ёмных машын, дзяжурнага электраслесара і майстра змены. Акрамя гэтага на ўчастку штодня працуюць электраслесары, мацаваль-шчыкі, энергетыкі па пад’ёмных устаноўках, энергетыкі па аўтаматызацыі, механікі па пад’ёмных устаноўках, ну і, вядома, намеснік начальніка і начальнік участка пад’ёму. Менавіта ад зладжанай працы гэтых людзей і залежыць бесперапыннасць працэсу здабычы калійнай солі. Мяркуйце самі: кожная з дзвюх пад’ёмных машын можа падымаць за 8-гадзінную змену на паверхню звыш дзвюх соцень скіпоў (вагой у 25 тон кожны) карыснага выкапня.

– Наша моц – шахтна-пад’ёмныя машыны ЦР-6 магутнасцю па 4,5 мегавата. Па сваім вопыце магу сказаць, што іх рэсурс складае не менш 40 гадоў да рамонту, пасля якога машына можа працаваць такі ж тэрмін. Зразумела, механізмам патрэбна належнае абслугоўванне, чым і займаюцца нашыя супрацоўнікі.
У кампетэнцыі ўчастка пад’ёму і арганізацыя цыркуляцыі паветра: адзін з вентылятараў галоўнага ветрання “выцягвае” паветра, што трапляе ў шахты па скіпавым ствале і праходзіць пад зямлёю, выводзячы шкодныя газы праз клецявы ствол да паверхні. Другі вентэлятар знаходзіцца ў рэзерве і замяняе першы агрэгат праз два месяцы. У выпадку аварыйнай сітуацыі, струю паветра можна “апракінуць”, стварыўшы “рэверс” – тэрмінова змяніўшы напрамак плыні на супрацьлеглы. Але гэтыя меры спецыялісты ажыццяўлялі толькі згодна з вучэбным планам – аварый на Петрыкаўскім рудаўпраўленні не здаралася.

Пра прафесію ў горна-здабываючай галіне Аляксандр Фёдаравіч адзначае наступнае: “Шахта прадугледжвае фізічна цяжкую працу. Ды і ўвогуле “Беларуськалій” – месца дужых. Возьмем нават наш участак: увесь працэс тут аўтаматызаваны, але калі надыходзіць час мяняць канаты, гэты кавалак работы нашы хлопцы робяць сваімі рукамі. На кожнай машыне па два канаты па 800 метраў з сячэннямі ад 54-ох да 63-ох міліметраў”.

Напрыканцы нашай размовы Аляксандр Каваленя адзначыў: “Шчыра віншую з прафесійным святам і жадаю здароўя калегам і іх блізкім. Цярпення, вам, і кар’ернага росту – на нашым прадпрыемстве ён не толькі карысны, але і цікавы”, – адзначыў мужчына.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о