“Ініцыятыва павінна рухацца знізу”

0
833

“Беларусь будучыні” – тэма, якую абмяркоўвалі днямі на дыскусійнай платформе з маладзёжным актывам Петрыкаўшчыны.

Старшыня камісіі па эканоміцы, інавацыйным развіцці і прадпрымальніцтве Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ігар Карнюшка сустрэўся з маладзёжным актывам Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, лясгаса і гімназіі ў рамках дыскусійнай платформы “Беларусь будучыні”.

Ігар Іванавіч абмеркаваў з моладдзю адзіны дзень галасавання, які адбудзецца 25 лютага, у цэлым выбарчы працэс і далучэнне моладзі да дэпутацкай, парламенцкай дзейнасці, закрануў тэму фарміравання прававой і палітычнай культуры, распавёў пра сістэму дзяржаўнага ўладкавання і структуру абласнога Савета дэпутатаў.

“Павінен адзначыць, што любы прадстаўнік моладзі мае права выступіць з ініцыятывай, накіраванай на паляпшэнне жыцця жыхароў нашай краіны, агучыць пытанне, якое хацелася б вырашыць. Сёння беларуская палітычная сістэма пабудавана такім чынам, што кожны малады чалавек можа агучыць ідэю і данесці яе да прадстаўнікоў улады, у тым ліку да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай”.

Спікер адзначыў, што ад моладзі чакаюць цікавых ініцыятыў: “Мне хацелася б пачуць, якія праблемы ў вас ёсць, якія прапановы ёсць па нашай асноўнай рабоце над законапраектамі”.

Ігар Іванавіч расказаў пра праект, які быў рэалізаваны прадстаўнікамі маладзёжнага парламента: “Гэта штотыднёвае маладзёжнае ток-шоу “Да!Но” – сумесны праект кампаніі СТВ і Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Ток-шоу прысвечана актуальным пытанням грамадска-палітычнага жыцця ў маладзёжным асяроддзі. Больш за тое, кожны з прысутных можа патрапіць на гэту праграму, прапанаваць тэму для дыскусіі. Дыскусійныя пляцоўкі для таго і створаны, каб акумуліраваць усе прапановы, ідэі і рэкамендацыі, а потым уносіць іх на разгляд у Парламент. Многія праекты, якія разглядаюцца на нашых сустрэчах у Палаце прадстаўнікоў, пазней рэалізуюцца. Тым больш, што ініцыятыва павінна рухацца знізу”.

Гутарка атрымалася грунтоўнай. Падобнага роду сустрэчы дазваляюць павысіць узровень палітычнай граматнасці моладзі і нагадаць маладым выбаршчыкам пра важнасць кожнага голасу за светлую будучыню нашай краіны.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о