Якое яно, жыццё героя? Часцей за ўсё яно мала чым адрознівалася ад жыцця суайчыннікаў. Але пераломны момант і выпадак лёсу робяць вострымі тыя рысы характару, што і сталі такімі патрэбнымі для валявога вызначальнага ўчынку.
Уладзімір Мотуз нарадзіўся ў сялянскай сям’і 18 студзеня 1924 года ў вёсцы Бяланавічы, на Петрыкаўшчыне. Праўда, адна з крыніц удакладняе, што яшчэ адной датай нараджэння земляка можа быць 15 жніўня таго ж года. Вядома, што хлопчык скончыў 5 класаў і, пакінуўшы малую радзіму, накіраваўся ў Ленінградскае рамеснае вучылішча. Але скончыць навучальную ўстанову не дазволіла вайна. Уладзімір працаваў на вытворчасці, цудам перажыў голад блакады і, зусім знясілены, быў вывезены з горада выратавальнай Дарогаю жыцця па лёдзе Ладажскага возера.
Непрацяглы час малады чалавек правёў у шпіталі і як толькі падняўся на ногі, сам накіраваўся ў ваенкамат і папрасіўся на фронт. З дакументаў вядома, што ў Чырвоную Армію юнак быў прызваны ў кастрычніку 1942 года, а з 1 верасня 1943 года трапіў на Паўднёва-Заходні фронт.
Першае заданне ў 1037-м стралковым палку было разведвальнае. Трэба было прабрацца да вёскі і вызначыць, дзе знаходзіцца варожы штаб. Ноччу атрад з пяці разведчыкаў падабраўся да ўзвышша каля населенага пункту, з раніцы пачалося назіранне: каля адной з хат прыпыняліся матацыклы і стаяла некалькі легкавікоў. Разведчыкі адышлі да ўзлеску, пачалі чакаць надыходу цемры, каб паспрабаваць падабрацца бліжэй і ўзяць “языка”. Варожага вартавога “заспакоілі” хутка. Трапіўшы ў штаб, воіны ўбачылі пісара, што спаў за сталом, паклаўшы галаву на рукі. Скруціць яго, засунуўшы кляп у рот, было справай хвіліны. Куды больш складана аказалася дабрацца да месца прызначэння, бо неўзабаве завязалася перастрэлка з варожым патрулём, але савецкіх воінаў надзейна схавала пад сваім покрывам цемра.
У лістападзе 1943 года падраз-дзяленне, дзе служыў Уладзімір Мотуз, вяло жорсткія абарончыя баі на рацэ Інгулец. У бітве за сяло Багданаўка наш зямляк першым уварваўся ў варожыя акопы, ліквідаваў агнём нямала акупантаў, за што і быў узнагаро-джаны ордэнам Славы ІІІ ступені.
Уладзімір Іванавіч не раз браў у палон каштоўных “языкоў”, а таксама быў у авангардзе штурмаў варожых пазіцый. Як мінімум двойчы, пад інтэнсіўным артылерыйскім і кулямётным агнём, Мотуз удала падбіраўся да варожых пазіцый і закідваў непрыяцеля гранатамі. У час адной такой атакі ў рамках Яска-Кішынёўскай аперацыі, у жніўні 1944 года, была нейтралізавана агнявая кропка. Гэта дазволіла тэрмінова выбіць ворага з пазіцый. Таварыш Мотуз атрымаў за праяўлены гераізм ордэн Славы ІІ ступені.
Першым ураджэнец Петрыкаў-шчыны быў у час бою за сяло Варгестэш, што ў Венгрыі. Знішчыўшы агнявую кропку, Ула-дзімір забяспечыў падраздзяленню магчымасці працягваць атаку. Акрамя гэтага, Мотуз захапіў у палон двух каштоўных варожых ваеннаслужачых. Праз некалькі дзён атрад разведчыкаў амаль самастойна вызваліў чарговую вёску: чырвонаармейцы прабраліся ў паселішча, перарэзалі тэлефонную сувязь, захапілі кулямёт і склад з боепрыпасамі. Сярод акупантаў пачалася паніка і асноўныя сілы хутка авалодалі сялом. За поспехі ў наступленні на Вену наш суайчыннік быў узнагароджаны ордэнам Славы І ступені.
Вядома, што гэта не ўсе ўзнагароды нашага земляка. Але, як сам заўважыў калісьці герой у размове з маладым журналістам 30 гадоў таму, у час святкавання 50-годдзя вызвалення Петрыкаўшчыны: “Хіба галоўнае ў жыцці зоркі? Не за іх я ваяваў, і ў дзень свята не пра ўзнагароды варта гаварыць!.. Галоўнае – каб зорка гарэла ў грудзях, у самой душы…”.
Апантаны і бясстрашны ў баі, Уладзімір Іванавіч любіў спакой і цішыню. Дэмабілізаваўшыся ў званні старшыны ў 50-м го-дзе, пэўны час працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце ў Мінску. Пасля вярнуўся на родную Петрыкаўшчыну, дзе шчыраваў газазваршчыкам у Муляраўцы ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1996 годзе, ва ўзросце 72 гадоў, Уладзімір Мотуз памёр. У гонар героя-земляка названа вуліца ў горадзе Петрыкаве.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Оставить комментарий