Шляхамі жывой вады: надзённасць і перспектывы

0
397

Шляхамі жывой вады:  надзённасць і перспектывы

Напрыканцы мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на меліярацыйнай галіне краіны. Сітуацыя тут, мякка кажучы, была далёкая ад узорнай. З гэтай нагоды мы звярнуліся да выконваючага абавязкі дырэктара Петрыкаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Васілія Сачука, каб даведацца пра надзённыя пытанні, вытворчыя паказчыкі і перспектывы арганізацыі.

Шляхамі жывой вады:  надзённасць і перспектывы

– Васілій Цімафеевіч, у снежні Прэзідэнт акрэсліў цэлы шэраг праблем меліярацыі. Якія з адзначаных пытанняў актуальныя для Петрыкаўскага ПМС?
– Так, некаторыя адзначаныя праблемы былі рэчаіснымі і для нашай арганізацыі. Напрыклад, напачатку мінулага года значная колькасць нашай тэхнікі мела 100%-ны знос. Дзякуючы фінансавай падтрымцы галіны, ініцыіраванай кіраўніком дзяржавы, мы прынялі рашэнне пра набыццё трох экскаватараў, адзін з якіх мы набылі за сродкі арганізацыі. Такім чынам, летась у нашым транспартным парку з’явіўся трактар МТЗ, кітайскі экскаватар “Loval 220” з падоўжанай стралою для догляду за шырокімі канавамі і водаадводамі, кшталту ракі Бобрык і Міхеда-Грабаўскага канала, а таксама адзінкі тэхнікі расійскай і айчыннай вытворчасці “Цвярскі экскаватар” і “Амкадор”.
Сёлета мы плануем набыць яшчэ два трактары МТЗ-82, бакавую і заднюю касілкі, ачышчальнік каналаў навясны і трал для перавозкі гусенічнай тэхнікі.

– Прэзідэнтам было адзначана, што шэраг меліярацыйных гаспадарак нават не могуць распачаць пэўныя работы, бо маюць пытанні з інвентарызацыяй меліярацыйных угоддзяў і пабудоў.
– Такіх праблем у нас не ўзнікала. Што да інвентарызацыі, то яна праходзіць у нас планава, кожныя пяць гадоў. Апошняя праводзілася ў 2019 годзе, сёлета будзе арганізавана чарговая. Стварэнне ж інвентарызацыйных ведамасцей, калі ёсць такая неабходнасць – працэдура хутчэй арганізацыйная і можа ажыццяўляцца па факце даследавання аб’екта на месцы. Словам, вырашэнне гэтых пытанняў не патрабуе істотных сродкаў ці працоўных рэсурсаў, – патлумачыў кіраўнік Петрыкаўскага ПМС.

Шляхамі жывой вады:  надзённасць і перспектывы
Вядома, новую тэхніку варта давяраць кемліваму спецыялісту. Набытым летась экскаватарам “Loval 220” кіруе Андрэй Бруяка, які працуе ў Петрыкаўскім ПМС ужо паўтара дзясятка гадоў, шмат разоў прызнаваўся перадавіком вытворчасці і пераможцам вытворчых спаборніцтваў. Андрэй Уладзіміравіч тэхнікай задаволены, а да сваіх працоўных паказчыкаў ставіцца сціпла: “Справу сваю трэба любіць, адсюль і жаданне працаваць будзе, і досвед, і стаўленне да тэхнікі гаспадарскае з’явіцца. А калі так – то і працоўныя поспехі не прымусяць сябе доўга чакаць”.

– Раскажыце, калі ласка, пра віды работ, якія праводзіць прадпрыемства.
– Гэта вырубка драўняна-хмызняковай расліннасці, ачыстка каналаў ад заілення, рамонт гідратэхнічных збудаванняў. Дарэчы, большасць з іх былі ўзведзены з 70-х – 80-х гадах мінулага стагоддзя. Калі металічныя канструкцыі такіх аб’ектаў мы абслугоўвалі, рамантавалі ці мянялі згодна рэгламенту раз на 2 гады, то, напрыклад трубы-рэгулятары, трубы-пераезды, практычна не рамантаваліся, а толькі падтрымліваліся ў працоўным стане.
Некаторыя збудаванні, апрача рамонту, патрабуюць рэканструкцыі – і гэта, пэўна, самая працяглая працэдура, бо звязана яна са стварэннем заяўкі, распрацоўкай праекта, экалагічнай, будаўнічай і іншымі праверкамі і ўзгадненнямі. Разам з тым, пачынаючы з 2022 года меліярацыйныя гаспадаркі пачалі праводзіць культуртэхнічную меліярацыю –шэраг мерапрыемстваў, які значна спрошчаны ў падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі і арганізоўваюцца ў кампетэнцыях раённага ўзроўню. Так, у сельскагаспадарчы зварот вяртаюцца ўгоддзі, за кошт прывядзення да ладу меліярацыйнай сеткі: вырубкі кустоўя, ачысткі каналаў ад ілу і наступнай апрацоўкі. Аграрыям застаецца падрыхтаваць глебу пад сяўбу і ўнесці насенне сельскагаспадарчых культур, не забываючыся апрацоўваць участак патрэбным чынам у наступны час.
Вядома, мы не застаёмся ў баку і ад агульнараённых мерапрыемстваў. Апошнім часам сіламі нашай арганізацыі было знесена 9 лядашчых дамоў і 4 жывёлагадоўчыя хлявы. Зараз гэтая зямля, вызваленая ад старых пабудоў, зноў квітнее і прыносіць карысць дзяржаве. Канешне, працуем разам з іншымі калектывамі Петрыкаўшчыны на суботніках, не адмаўляем, калі на вырашэнне пастаўленых гаспадарчых задач патрэбна тэхніка, – засяродзіў увагу меліяратар.

– Чым жыве зараз Петрыкаў-скае ПМС?
– Зараз у арганізацыі шчыруе 70 супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць амаль 42-ве тысячы гектараў меліярацыйных земляў і 2670 кіламетраў меліярацыйнай сеткі, якая ўтрымлівае каля сямі соцень труб-рэгулятараў, амаль дзевяць соцень труб-пераездаў і 68 мастоў. У гэтым годзе петрыкаўскія меліяратары плануюць ажыццявіць рамонт шлюза-рэгулятара на рацэ Бобрык, агульным коштам каля 660 тысяч рублёў. Разам з капаткевіцкімі калегамі ў планах правесці культуртэхнічную меліярацыю на плошчы 412-ці гектараў. Яшчэ 356 гектараў земляў Петрыкаўшчыны падпадаюць сёлета пад рэканструкцыю.
Трэба разумець, што для Палесся характэрныя павадкі. У час, калі пачынае таяць абільна выпаўшы за халодны сезон снег і адбываецца насычэнне ўзроўню грунтавых вод, на палетках можна назіраць вымачкі. Здараецца, што аграрыі наракаюць з-за гэтага на меліяратараў. Але тут няма нашай віны, глеба наўпрост не можа імгненна аддаць усю вільгаць, як і водапрыёмнікі забраць усю ваду з каналаў і, адпаведна, зямлі. Разам з тым, іншы раз даводзіцца канстатаваць, што некаторыя меліярацыйныя каналы прыйшлі ў занядбаны стан не толькі ад часу, але і з-за працы тэхнікі на палетках. Тое ж адбываецца і з зямельнымі надзеламі: пасля ўвядзення ўчастку зямлі ў сельскагаспадарчы зварот, яго абавязкова трэба апрацоўваць, бо на наступны год мы пабачым тут высакатраўе, а на наступны сезон – кустоўе.
Давайце скажам шчыра: калі парадак – справа агульная, то выдатна было б, калі працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў пад-казвалі б нам, якія надзелы іх больш турбуюць, бо яны лепей ведаюць сваю зямлю. Такая практыка ёсць і яна дае свой плён. Так, дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Аляксандр Верамееў знайшоў час і праехаў з намі на палетак, акцэнтаваўшы канкрэтную ўвагу на асобных участках. Такі ж падыход і ў дырэктара ААТ “Чалюшчавічы” Сяргея Ракіцкага. Мы, вядома, рэкамендацыі ўспрымаем з падзякай, – рэзюмаваў кіраўнік меліярацыйнага прадпрыемства.
Напрыканцы нашай гутаркі Васілій Цімафеевіч адзначыў: “Зрэшты, працаваць нам яшчэ ёсць над чым. Што да мінулага года, то зарабілі мы 2 мільёны 780 тысяч рублёў, купілі экскаватар за сродкі арганізацыі, не мелі запазычанасцяў і спрацавалі з плюсам на 15 %. Дарэчы, у пазамінулым годзе мы таксама дадалі да вытворчых паказчыкаў 15 %.
Зараз па плошчах меліярацыйных зямель мы займаем 3-е месца ў вобласці, пасля калег з Калінкавіч і Рэчыцы. Агульная колькасць выкананых работ залежыць ад вышэйстаячай арганізацыі і магчымых сродкаў, якія можна выдаткаваць на патрэбы меліярацыі Петрыкаўшчыны. І калі сёлета, напрыклад, ад нас чакаюць ачысткі 150-ці кіламетраў каналаў, то мы маем магчымасць зрабіць гэты від работ у значна большых аб’ёмах – у 3-4 разы”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о