Еўрапейскі саюз увёў чарговы пакет санкцый супраць Беларусі. Абмежаванні закранулі адну з самых запатрабаваных галін беларускай эканомікі – дрэваапрацоўку. Размова ідзе пра поўную забарону экспарту ў Еўропу большасці тавараў з дрэва. Гэта піламатэрыялы, паліўныя гранулы, фанера і розныя драўняныя пліты.
Як санкцыі паўплывалі на работу прадпрыемства “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка “Ляскавічы”, пра гэта пагаварыў з кіраўніком прадпрыемства наш карэспандэнт.

Санкцыі нам не страшныя– Мы практычна не адчулі на сабе санкцый. Досыць хутка пераарыентавалі рынак на Усход. Частка здзелак была аформлена дзякуючы старым сувязям, – пачаў размову дырэктар Віталь Жогаль. – Мы сёння паспяхова экспартуем паганажную прадукцыю. Асабліва наш тавар карыстаецца попытам у Азербайджане, масівы дуба, напрыклад, больш любімыя ў Казахстане.

Віталь Уладзіміравіч адзначыў, што і ўнутраны рынак працуе зараз стабільна. Прадпрыемства ЭЛПГ “Ляскавічы” таксама прадстаўлена на гандлёвай біржы. Што тычыцца працоўных месцаў, то і тут мы можам адзначыць станоўчы вынік – іх колькасць павялічваецца за кошт павелічэння аб’ёму работ.

Калі ёсць пасведчанне і вопыт працы на дрэваапрацоўчых станках, то і ЭЛПГ “Ляскавічы” прапануе працоўныя месцы. За бягучы год таксама было мадэрнізавана абсталяванне – набылі лініі сартавання, лентачныя станкі.

– Мы выбудавалі сваю стратэгію вядзення рынку. Заказаў і кантрактаў цяпер у нас аформлена да жніўня бягучага года, – працягнуў дырэктар. – Калі гаварыць пра лічбы, то сёння кубічны метр сырой дошкі абыходзіцца ўсходнім пакупнікам у 200 долараў. У месяц мы экспартуем каля 3,5 тысячы тон абразных піламатэрыялаў. Так, ёсць праблемы з лагістыкай, але яны паступова вырашаюцца.

Нагадаем, ЭЛПГ “Ляскавічы” створана ў 1995 годзе на базе Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Асноўным відам дзейнасці лесапаляўнічай гаспадаркі з’яўляецца дрэваапрацоўка. Шырокая вытворчая база прадпрыемства ўключае сучаснае еўрапейскае абсталяванне, уласны транспартны парк лясной спецыялізаванай тэхнікі.
– З’яўляемся дрэваапрацоўчай вытворчасцю поўнага цыклу, гэта значыць выконваем усе працы ад высечкі лесу да пакавання гатовай прадукцыі. Драўніна, якую выкарыстоўваем у вытворчасці, адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам якасці. Кожны этап вытворчасці старанна кантралюецца. Таму гарантуем высокую якасць прадукцыі, аператыўнае выкананне заказаў, – паведаміў Віталь Уладзіміравіч.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о