Сіла – у патрыятызме

0
508

Сіла –  у патрыятызме

Начальнік групы прызыву на ваенную службу, капітан Юрый Мацкевіч служыць у ваенным камісарыяце Петрыкаўскага раёна пяць гадоў. Малая радзіма спецыяліста – Жыткаўшчына, за плячыма вучоба на ваенным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, служба камандзірам вучэбна-мотастралковага ўзвода ў гвардзейскім 72-м навучальным аб’яднаным цэнтры ў Печах.

Група прызыву займаецца падрыхтоўкай і адпраўкай прызыўнікоў на тэрміновую службу, службу ў рэзерве і патрабуе пэўных навыкаў і ўменняў у рабоце з навабранцамі. Менавіта на гэтым этапе трэба вырашаць многія пытанні, якія датычацца будучых абаронцаў Айчыны. З усімі пастаўленымі задачамі Юрый Юр’евіч спраўляецца. Адказны, кампетэнтны, працавіты – такім ведаюць яго калегі. Для прызыўнікоў, якія рыхтуюцца да важнага перыяду ў сваім жыцці, капітан служыць прыкладам адказнасці, дысцыплінаванасці, адданасці абранай справе.

– Яшчэ са школьнай лавы мяне прыцягвала ваенная справа, а салдат беларускага войска выклікаў гонар і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Моцнай матывацыяй стаць абаронцам Айчыны для мяне была мая патрыятычная свядомасць. Прытым я ніколі не лічыў, што патрыятызм павінен быць абавязкова толькі ў вайсковай форме. Сёння рабочы, навуковец, урач, працаўнік АПК – прадстаўнікі ўсіх спецыяльнасцяў – уносяць уклад у бяспеку краіны ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай сферах. Людзі маёй прафесіі, у сваю чаргу, гатовыя і здольныя абараняць суверэнітэт і незалежнасць краіны і вучыць гэтаму маладое пакаленне. Мы ганарымся дасягненнямі нашай краіны, у тым ліку тым, што на беларускай зямлі пануе мір, – выказвае думку суразмоўца.

Спецыяліст у сваёй працы прытрымліваецца правіла: за кожнай позвай у ваенкамат стаіць чалавек. Не хавае: бывае, што даводзіцца юнакам тлумачыць, супакойваць, падтрымліваць. Многія хлопцы прыходзяць спакойныя і ўпэўненыя ў сваіх сілах, а бывае, што прызыўнікі прыходзяць і нагадваюць пра сябе самі. Але адно дакладна ведае начальнік групы прызыву: адслужыўшы, моладзь прыкметна мяняецца, гартуецца ўнутрана і фізічна, таму што вучыцца з гонарам і годнасцю пераадольваць цяжкасці і падстаўляць плячо таварышу. Пасталелыя, самастойныя, пры сустрэчы яны дзякуюць старэйшым таварышам за вопыт.

Пра тое, што людзі ў форме выконваюць важную функцыю для грамадства, гаворыць і той факт, што ў дзяржавы яны на асаблівым рахунку. Суразмоўца не хавае, што для вайскоўцаў існуюць пэўныя гарантыі і льготы, звязаныя з пытаннямі адукацыі, працаўладкавання, паляпшэння жыллёвых умоў. З кожным годам у Беларусі павышаецца матывацыя для праходжання вайсковай службы. А для Юрыя Юр’евіча свяшчэнны абавязак – абараняць сваю родную дзяржаву – будзе заўсёды на асаблівым месцы.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о