14 студзеня споўнілася роўна 80 гадоў з дня страшнай трагедыі ў вёсцы Ала Светлагорскага раёна.
У 1944 годзе разам з людзьмі спалена Ала. Вёсачка апынулася ў прыфрантавой зоне. У 6 гадзін раніцы 14 студзеня 1944 года вёску акружыў нямецкі карны атрад. Пад стрэлы і брэх сабак усіх жыхароў сагналі ў вялікі калгасны хлеў. Тых, хто выбягаў з полымя, забівалі. Выратаваліся адзінкі. Навекі пад попелам засталіся 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын, 200 старых. Ала не дажыла да вызвалення ўсяго два тыдні.
На месцы спаленай вёскі пабудавалі мемарыяльны комплекс. Менавіта тут сотні неабыякавых грамадзян днямі ўшанавалі памяць загінуўшых. На мітынгу прысутнічала дэлегацыя Петрыкаўшчыны.
Удзел у мітынгу прынялі генеральны пракурор Андрэй Швед, кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, кіраўніцтва Гомельскай вобласці і іншыя ганаровыя госці.
– Гэты мемарыяльны комплекс, адкрыты ў 2020 годзе Прэзідэнтам, стаў сімвалам жахлівых выпрабаванняў і бязмернага смутку беларускага народа, цэнтрам патрыятычнага прыцягнення, – адзначыў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
– Сёння па выніках расследавання крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа мы кажам, што ў нашай краіне было арганізавана татальнае знішчэнне людзей, – канстатаваў Андрэй Швед.
Ігар Петрышэнка адзначыў у прамове, што зараз нашчадкі нацыстаў паднялі галовы і спрабуюць змяніць свядомасць людзей, абяляючы нібыта подзвіг тых, хто тварыў жахі на нашай зямлі. Але мы памятаем кожнага загінуўшага героя на беларускай зямлі, кожнага загінуўшага ў Але.
На мітынгу таксама выступілі прадстаўнікі маладога пакалення, адзначыўшы, што зробяць усё ў імя захавання міру на зямлі і ўвекавечання памяці аб загінуўшых.
Удзельнікі мітынгу-рэквіема – прадстаўнікі ўлады, праваахоўнікі, грамадскія дзеячы, ветэраны, моладзь і духавенства з усёй краіны ўшанавалі памяць нявінна загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі, вянкі і дзіцячыя цацкі.
Дырэктар Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Трухановіч – адна з многіх, каго не адпускае пачуццё болю па загінулых:
– Рана, якая не загойваецца на сэрцы беларускага народа – гэта Ала, дзе ад рук фашыстаў загінулі мірныя жыхары, ні ў чым не вінаватыя дзеці. Як пра такое можна забыцца? Сёння я прыехала, каб ушанаваць памяць жыхароў вёскі Ала, у якіх смерць адняла будучыню. Хачу пажадаць усім беларусам, каб мы ўсе жылі пад мірным небам, а нашыя дзеці не ведалі вайны.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий