Дзмітрый Аскерка да нядаўняга часу быў тыповым прадстаўніком падрастаючага пакалення. Некалькі гадоў таму малады чалавек яшчэ думаў, скончыўшы 9 класаў, якую спецыяльнасць абраць, а днямі сустракаў мяне на ганку Камаровіцкага лясніц-тва ў якасці выконваючага абавязкі ляснічага.

Прырода аддзячыць сваім ахоўнікам

Дзмітрый не выкарыстоўваў эпітэт “кар’ерны рост” падчас нашай гутаркі, але змястоўна акрэсліў галоўныя складаючыя паспяховай працы маладога працаўніка лесаахоўнай службы, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу.

– Сам я родам з Конкавіч. Адразу адзначу, што сярод маіх родных ніхто не працуе ў лясной галіне, таму шчыльна пазнаёміцца з прафесіяй падставы не выпадала. Але яшчэ са школы мяне цягнула да прыроды, адпаведна і сярод навучальных дысцыплін даспадобы былі заняткі біялогіяй. Калі скончыў базавую школу, мы з бацькамі вырашылі, што найбольш прымальны варыянт, зыходзячы з маіх інтарэсаў – спецыяльнасць “Лясная гаспадарка”. Так я паступіў у Гомельскі дзяржаўны палітэхнічны каледж, – падзяліўся Дзмітрый Аскерка.

Скончыўшы навучальную ўстанову ў 2018 годзе, малады спецыяліст уладкаваўся ў Залескае лясніцтва на пасаду майстра лесу. У тым жа годзе юнак паступіў па адзначанай спецыяльнасці на завочнае аддзяленне біялагічнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, які паспяхова скончыў сёлета. Паралельна хлопец перавёўся працаваць майстрам лесу ў Пціцкае лясніцтва, а з нядаўняга часу быў прызначаны на пасаду выконваючага абавязкі ляснічага ў Камаровічы, дзякуючы, у тым ліку, атрыманню вышэйшай адукацыі.

– Не магу сказаць, што вучыцца было цяжка. За гады студэнцтва знаходзіўся час і на навуку, і на адпачынак. Зрэшты, мне здаецца, што навучанне заўсёды даецца больш лёгка, калі чалавек зрабіў выбар будучай прафесіі ўсвядомлена. Таму, звяртаючыся да навучэнцаў старэйшых класаў, якія толькі абіраюць спецыяльнасць, магу сказаць: быць спецыялістам лясной гаспадаркі, гэта, хутчэй за ўсё, пра самасвядомасць.

Трэба быць гатовым трапіць па размеркаванні ў сельскую мясцовасць і працаваць на адкрытым паветры і ў маразы, і ў непагадзь. Але лес заўсёды адплоціць сваім ахоўнікам. Вы нават не ўяўляеце, чаго варты подых паветра з водарам хвоі зранку, якую радасць выклікае краявід зелянеючага маладняку лясных культур на месцы, дзе яшчэ летась быў пустыр, – з захапленнем расказвае суразмоўца.

Па словах Дзмітрыя Іванавіча, поспех у працы маладога спецыяліста абумоўлены дапамогай калектыву. Калі ўзнікаюць пытанні, больш вопытныя калегі заўсёды патлумачаць і дапамогуць разабрацца. Адсюль і другі складальнік плённай работы: “З пачаткам працоўнай дзейнасці я спазнаў шмат  новага. Вядома, у некаторых пытаннях давялося ўважліва разбірацца, але менавіта з-за гэтага мой інтарэс да прафесіі толькі ўзмацняецца”.

Такое стаўленне да працы сапраўды тлумачыць многія акалічнасці і пакідае свой след нават на планах на будучыню маладога чалавека. Як прызнаўся Дзмітрый, цалкам верагодна, што з цягам часу ў яго з’явіцца намер перабрацца ў райцэнтр, але пры адной сціплай, але істотнай заўвазе: “Загадваць, вядома, не буду, але калі вы ўжо пытаеце пра планы на будучыню, адзначу: нават жыццё ў Петрыкаве я разглядаю неадрыўна ад лясной гаспадаркі”.

Зараз Дзмітрый Іванавіч уваходзіць у курс спраў даверанага яму лясніцтва: а гэта калектыў колькасцю 27 чалавек і тэрыторыя ляснога фонду 10114 гектараў. Сярод задач: праца па гадаванні ляснога фонду і, вядома, яго ахова ад пажараў і, шчыра кажучы, некаторых нядобрасуленных грамадзян. Спецыяліст звяртае ўвагу, што людзі, зразумела, трапляюцца розныя, але ўвогуле адносіны да прыроды ад пакалення да пакалення змяняюцца. Калі грамадзяне больш сталага веку адносяцца да лесу, як да прыватнай уласнасці і дазваляюць сабе напрыклад, выкінуць у гай смецце, то маладыя людзі ставяцца да навакольнага асяроддзя, як да спадчыны. “У гэтым выпадку, як не дзіўна, моладзь нават можа навучыць добрасумленным адносінам да прыроды сваіх сталых блізкіх. Не ведаю, магчыма, хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, скарыстаецца сціплай парадай і зможа нават прадухіліць шкодны выпадак”, – адзначыў Дзмітрый Аскерка.

Напрыканцы нашай размовы малады чалавек пажадаў калегам лясной гаспадаркі Петрыкаўшчыны моцнага здароўя, дабрабыту і цярплівасці.

Няхай і вам, паважаны Дзмітрый Іванавіч, праца і надалей дорыць станоўчыя ўражанні і прыносіць асалоду.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о