Адзінства – гэта надзейны шчыт нацыі

0
636

15 верасня на Петрыкаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва

У той дзень у раёне працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Працоўны калектыў УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” наведала група старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана. Сустрэча прайшла прадуктыўна і цікава.
Галоўнай тэмай сустрэчы стала гісторыя беларускай дзяржаўнасці як аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва, пабудаваная на інфармацыі адкрытага ўрока “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”, які 1 верасня для ўсіх школьнікаў краіны правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Характарызуючы сітуацыю на міжнароднай арэне, кіраўнік краіны заявіў: “Каб захаваць сябе, сваю зямлю, мы павінны памятаць і свае, і чужыя ўрокі гісторыі… якія вучаць галоўнаму: пад знешнім кіраваннем суверэнітэту няма. Кіраваць павінны самі. А без суверэнітэту няма дома, няма сям’і, няма будучыні”.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Усціновіч-Насека распавяла пра вытокі станаўлення беларускай дзяржаўнасці, складаны шлях беларускага народа да здабыцця ўласнай дзяржавы і незалежнасці.
Асаблівая ўвага была нададзена падзеям 1920-1939 гадоў, што адбываліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: ад несправядлівага Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, які падзяліў беларускі народ, да ўз’яднання беларусаў, што пражывалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Беларускай ССР, у адзінай дзяржаве, якое мае вялікае гістарычнае значэнне для беларускай дзяржаўнасці, бо паспрыяла кансалідацыі беларускай нацыі.
Як пазначыла Вольга Уладзіміраўна, былі праведзены радыкальныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні, прадухілена пагроза паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Беларусь стала тэрытарыяльна суцэльнай дзяржавай, і гэта з’явілася галоўнай перадумовай імклівага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця.
– Сёння, па прашэсці многіх гадоў, можна з упэўненасцю сказаць, што галоўнай сілай, якая забяспечыла ўз’яднанне заходніх і ўсходніх беларусаў, стала імкненне з глыбіні народнай душы годна жыць у адзінай моцнай дзяржаве. Адзінства – гэта надзейны шчыт нацыі, гатовай згуртавацца ў цяжкі момант, гарантыя стабільнасці і аснова для ўмацавання суверэнітэту. Так вучыць гісторыя, – падвёў вынік усяму сказанаму старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.
У працяг тэмы адзінага дня інфармавання Аляксандр Васільевіч акрэсліў агульную карціну бягучай эканамічнай сітуацыі ў раёне па прашэсці 8 месяцаў: з 11 даведзеных прагнозных паказчыкаў выкананы 8. Пры наяўнасці шэрагу перадумоў, паказчык рознічнага таваразвароту невыкананы. Прааналізаваў старшыня і тэндэнцыі, якія склаліся ў галіне сельскай гаспадаркі. Не ўсё, пакуль, складваецца належным чынам, але ёсць комплекс задач, якія сельгаспрадпрыемствам раёна па плячы – на дасягненне іх у бліжэйшы час і скіравана ўвага кіраўніка раёна.
Надзённае пытанне бустэрнай вакцынацыі, работу з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па інфармаванні пра спрыяльныя тэрміны вакцынацыі абмеркаваў на сустрэчы з медработнікамі старшыня райвыканкама.
Намеснік начальніка Петрыкаўскага РАНС Васіль Міцура звярнуў увагу на той факт, што вялікая колькасць пажараў у зімовы час здараецца з-за няспраўнасці або парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Таксама, як зазначыў спецыяліст, не лішнім будзе праверыць стан электрычнай праводкі – у дамах пажылых грамадзян, якія жывуць адзінока, пра гэта павінны паклапаціцца іх дарослыя дзеці. Супрацоўнік РАНС падкрэсліў, што не адно чалавечае жыццё, у тым ліку ў нашым раёне, было захавана дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку, які павінен прысутнічаць у кожным жылым і вытворчым памяшканні.
На жаль, у стагоддзе глабальнага распаўсюджвання камп’ютарных тэхналогій квітнее кіберзлачынства. Амаль штодзень махляры завалодваюць грашовымі сродкамі грамадзян, рэквізітамі банкаўскіх пластыкавык картак – пра гэта паведаміў у сваім выступленні Аляксей Забела, намеснік начальніка РАУС.
Ахвярамі злачынцаў становяцца людзі розных сацыяльных груп, узросту, адукацыі, з-за даверлівасці і няўважлівасці яны “развітваюцца” з унушальнымі грашовымі сумамі. Што да крымінагеннай сітуацыі ў раённе, то яна кантралюемая і стабільна невысокая.
Падобны фармат сустрэч з працоўнымі калектывамі раёна з’яўляецца традыцыйным і забяспечвае ўстойлівую зваротную сувязь паміж выканаўчай уладай і насельніцтвам. Так, у час сустрэчы былі закрануты пытанні будаўніцтва арэнднага жылля для маладых спецыялістаў, гандлёва-забаўляльнага цэнтра, магчымы перагляд графіка вывазу смецця ў мікрараёне “Паўночны”, якасць вады і бедны асартымент гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыства.
Па ўзнятых пытаннях былі да-дзены тлумачэнні, асобныя патрабуюць дадатковага вывучэння, таму ўзяты на кантроль.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о