Кацярына Дарошка – сапраўдная зорка гімназіі горада Петрыкава. Сёлета вучаніца пайшла ў 11 клас. Раней мы пісалі пра яе поспехі ў вучобе: у складзе зборнай каманды Гомельскай вобласці дзяўчына прыняла ўдзел у заключным этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ і заваявала прызавое трэцяе месца. І вось зараз з’явілася новая нагода.

Прадуктыўнае лета для даследаванняў

– Гэта лета было для мяне вельмі прадуктыўным. Я паспяхова прыняла ўдзел у злёце юных эколагаў, што праходзіў у Маскве, – падзялілася вучаніца. – Мне з 8 класа падабаецца экалогія, таму ў гэтай навуцы адчуваю сябе ўпэўнена.
Злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў” – значная падзея для кожнага ўдзельніка. У праграме мерапрыемства было правядзенне конкурсу юных эколагаў, які ўключаў у сябе тэарэтычны і практычны туры, выніковая экспедыцыя.
– Намі праведзена каля 35 палявых даследаванняў, вынікі якіх былі прадстаўлены на канферэнцыі, – працягнула вучаніца. – Я была ў пары з дзяўчынкай са Смаленску. Нашу актыўную працу высока адзначыла журы, у выніку мы занялі другое месца. Нам падарылі па медалю і кнізе.
Злёт праходзіў ужо восьмы раз і сабраў 70 удзельнікаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў з ліку пераможцаў і прызёраў федэральных і рэспубліканскіх злётаў.
Удакладнім, што мерапрыемства адбылося дзякуючы ініцыятыве Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Сумесны праект заклікае пад-трымаць лепшыя традыцыі адукацыі, цікавасць у сучасных маладых людзей да даследаванняў, абудзіць адказныя адносіны да навакольнага асяроддзя.
На пытанне, ці плануе Кацярына прысвяціць сваё жыццё экалогіі, дзяўчына адказала:
– Мне падабаецца шмат напрамкаў, але думаю, што ўсё ж спынюся на спецыяльнасці перакладчыка англійскай мовы. Зараз выпускны клас і ўжо час вызначыцца з прафесіяй, каб добра падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.
Нагадаем, што дзякуючы апантанай рабоце ў даследаваннях, Кацярына Дарошка папоўніла спіс фонду таленавітай моладзі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пажадаем дзяўчыне не зніжаць планку дасягненняў!

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о