Порах Вялікай Перамогі

0
574

Год гістарычнай памяці – добрая магчымасць пераасэнсаваць падзеі мінулага, успомніць тых, хто змагаўся і працаваў на карысць нашай Радзімы. Імёны герояў занатаваны ў назвах населеных пунктаў і вуліц, плошчаў і праспектаў… Як часта мы задумваемся над гісторыяй, якая хаваецца за імі? На жаль, не вельмі. Таму сёння я прапаную выправіць сітуацыю і згадаць чалавека, які пакінуў значны след у гісторыі Капаткевічаў.

Порах Вялікай ПерамогіПасёлак Капаткевічы можа ганарыццца многімі сваімі ўраджэнцамі: шмат цікавых людзей нарадзілася тут. У гонар некаторых названы вуліцы. Так, у пасёлку ёсць маленькая і ўтульная вуліца Кузьміча. Сёлета споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Іоны Кузьміча.
Іона Савіч нарадзіўся ў 1897 годзе ў мястэчку Капаткевічы Мазырскага павета Мінскай губерніі ў сялянскай сям’і. У сям’і Савы Кандрацьевіча і Аўдоцці Філіпаўны Кузьмічоў выхоўвалася дзесяць дзяцей. Нягледзячы на цяжкасці, усе дзеці атрымалі адукацыю. За поспехі ў вучобе ў народным аднакласным вучылішчы Іона быў узнагароджаны Бібліяй.
Маладосць Іоны Кузьміча была баявой: у гады грамадзянскай вайны камандаваў палком, двойчы трапляў у рукі белых, двойчы яго прыгаворвалі да расстрэлу, але абодва разы яму ўдавалася збегчы з палону. Ордэн Баявога Чырвонага Сцяга Кузьмічу ўручаў асабіста Фрунзэ. Сціплы і непатрабавальны ў бытавых пытаннях, Іона станавіўся непрымірымым і ўпартым, калі справа тычылася інтарэсаў дзяржавы.
У маі 1933 года Кузьміч быў прызначаны дырэктарам і начальнікам будаўніцтва камбіната “К”, пазней перайменаванага ў завод № 98. Камбінат быў задуманы ў выглядзе комплексу заводаў па вытворчасці пораху, бікфордава шнура і рэчаў супрацьгазавай абароны. Кузьміч дзейнічае жорстка – ухіляе расхлябанасць, узмацняе дысцыпліну, падтрымлівае ініцыятыву і стаханаўскі рух. Меры прыносяць вынік. У чэрвені 1934 года быў пушчаны ў строй цэх па вытворчасці прамысловай узрыўчаткі, а затым цэх па вытворчасці бікфордава шнура. У Маскве не паверылі ў такія бліскучыя вынікі і выслалі вялікую камісію, якая прыняла пускавыя заводы камбіната “К”.
Магчыма, прагучыць абсурдна, але ў 1935 годзе Іону Кузьміча здымаюць з пасады дырэктара за ініцыятыву. Ён, не чакаючы ўказанняў зверху, пачынае будаўніцтва завода нітрагліцэрынавых порахаў, які быў жыццёва неабходны краіне. Іона Савіч, як былы баявы камандзір, добра разумее, што блізіцца вайна.
Пасля звальнення Кузьміча будоўля на заводзе то замарожвалася, то размарожвалася, назіралася вялікая цякучасць працоўнай сілы. А краіна няўмольна набліжалася да пачатку вайны, і гэта разумела найвышэйшае кіраўніцтва. У сакавіку 1941 года наркам па справах будаўніцтва Гінзбург прапануе Кузьмічу зноў узначаліць будаўніцтва завода. Быў устаноўлены жорсткі тэрмін уводу ў строй першай чаргі вытворчасці балістычных порахаў – да 1 кастрычніка 1941 года. Іона Савіч успамінаў: “Вярнуўшыся на будаўніцтва, я заспеў тое, што пакінуў, але ў больш нікчэмным выглядзе”. З гэтага часу пачалася ўдарная вахта калектыву працоўных і інжынераў па будаўніцтве завода.
З пачаткам вайны ўвесь калектыў будаўнікоў перайшоў на казарменнае становішча і 12-гадзінны працоўны дзень. Напружаная праца будаўнікоў і працоўных завода прыносіла свой плён. 33 мільёны зарадаў для зенітных гармат залпавага агню “Кацюша” былі выпушчаны на заводзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што склала 80 % усёй аналагічнай прадукцыі, якая выпускалася прадпрыемствамі краіны. “Кацюша” стала негалосным сімвалам парахавога завода № 98.
Перамога кавалася не толькі на фронце. Сакратар Молатаўскага абкама ўзгадвае: “Я не ведаю, калі Іона Савіч спаў і еў увогуле. Калі ні прыедзеш, днём ці ўначы, ён заўсёды знаходзіўся на працы”. У Іоны Кузьміча была свая бітва за Сталінград і Курскую дугу – шматразовае нарошчванне выпуску зарадаў для ракетных частак і буйнакалібернай артылерыі, будаўніцтва новых заводаў. Навукоўцы і інжынеры не выходзілі з лабараторый, да станкоў сталі 600 падлеткаў. Коштам неймаверных намаганняў была распрацавана ўнікальная шнековая тэхналогія бесперапыннай вытворчасці балістычных порахаў.
За гады вайны завод сямнаццаць разоў заваёўваў першае месца ў абароннай прамысловасці, утрымліваючы пераходзячы Чырвоны Сцяг камітэта абароны. Апошнія дзевяць месяцаў вайны гэты сцяг знаходзіўся на заводзе нязменна і пасля 9 мая 1945 года быў пакінуты заводу на вечнае захоўванне.
Пасля выхаду ў адстаўку ў 1947 годзе Іона Савіч узначаліў трэст “Белтрэстрактарбуд”, якому было даручана будаўніцтва Мінскага трактарнага завода. За тры гады працы Іоне Кузьмічу ўдалося вывесці гэтае будаўніцтва ў лік узорных.
На жаль, ураджэнца пасёлка не вельмі ведаюць не толькі ў Капаткевічах, а і ў Беларусі. Яго імя больш вядома ў Маскве і яе рэгіёнах.
Дзякуючы Году гістарычнай памяці, нам з вамі, паважаныя землякі, выпала цудоўная магчымасць узняць з глыбінь гісторыі інфармацыю пра славутага земляка, каб ганарыцца вялікім чалавекам і захаваць памяць пра яго на Петрыкаўшчыне.

Святлана ШАТЫРЫНА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о