Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі расказаць супрацоўнікаў следчага камітэта пра сваю прафесію.

Погляд ад першай асобы: следчыя пра сваё прызванне

Ураджэнка Нароўлі Яна Шынкарчук працуе ў следчых органах дзявяты месяц: першапачаткова – на бацькаўшчыне, а зараз у Петрыкаве. Горад ёй падабаецца, уражвае развіццё і перспектывы нашага невялікага райцэнтра.
– Калі прыйшоў час вызначацца з выбарам будучай прафесіі, работа следчага прывабіла сваім прэстыжам. Вось і паступіла на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Трэба дадаць, што мая прафесія вельмі цікавая – камітэт супрацоўнічае з многімі структурамі.
На пытанне, ці не палохала спецыфіка працы следчага, дзяўчына, без імгнення разважанняў адказала адмоўна:
– Так, нам часцяком даводзіцца мець стасункі са спецыфічным кантынгентам, да таго ж мы працуем і з целамі забітых. Але гэта ніколі не палохала мяне. А да асаблівасцяў, пра якія я не ўяўляла падчас вучобы, прызвычаілася даволі хутка.
Мы вырашылі пацікавіцца: магчыма, такое стрыманае стаўленне да незвычайных і не вельмі прыемных, для сярэднестатыстычнага чалавека, акалічнасцяў працы звязана з тым, што хтосьці з блізкіх Яны працуе ў сілавых структурах, але дзяўчына запэўніла, што ніхто з бацькоў да органаў дачынення не мае.
– Мне падабаецца мая прафесія. Усё ж мы стаім на варце законнасці, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, – адзначыла Яна Шынкарчук.

Погляд ад першай асобы: следчыя пра сваё прызванне

З Таццянай Адась мы сустрэліся на некалькі гадзін раней запланаванага. Дзяўчыне тэрмінова трэба было выязджаць з супрацоўнікамі міліцыі “на месца”, для правядзення следчых дзеянняў.
Таццяна Андрэеўна ўраджэнка Петрыкава. Мела намер паступаць у Акадэмію МУС, але не прайшла камісію і цвёрда вырашыла, што ўсё роўна атрымае спецыяльнасць прававеда ў грамадзянскім ВНУ і трапіць на работу ў следчы камітэт.
Так і сталася – скончыўшы Гомельскі філіял “Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін”, дзяўчына па ўласным жаданні стала следчым Петрыкаўскага райаддзела.
– Работа даволі складаная і самае каштоўнае для нас – час. Напэўна, кожны следчы часцяком адыходзіць да сну з думкамі пра тое, каб усё паспець тэрмінова і ні пра што не забыцца. Калі ўзнікаюць пытанні – на дапамогу прыходзіць калектыў. Тут трэба адзначыць, што вопытныя калегі ніколі не адмаўляюць у кансультацыі.
На пытанне “як бавіце вольны час?”, дзяўчына задумалася, мабыць, узгадваючы, калі ў апошні раз ёй выпадала пазбавіцца думак пра работу і адпачыць. Як высветлілася, Таццяну захапляе наваколле. Добра, калі выпадае сабрацца на ўлонні прыроды з сябрамі.
Ну і канешне, мы не маглі абысці бокам пытанне пра тое, як ставяцца да работы сваёй дачкі бацькі:
– Мой бацька вайсковец у запасе, таму разумее, што такое абавязкі чалавека ў форме. А вось маці, што працуе выхавацелем, зразумела хвалюецца, тэлефануе, цікавіцца, калі я буду дома. Але самы папулярны мой адказ: “Хутка не атрымаецца, не чакайце, кладзіцеся спаць, – такія ўжо рэаліі жыцця следчага”, – падзялілася Таццяна Адась.

Погляд ад першай асобы: следчыя пра сваё прызванне

Адзін з лепшых следчых Петрыкаўскага аддзялення – ураджэнец Жыткавіч, выпускнік Акадэміі МУС Уладзіслаў Лахвіч, што працуе ў райаддзеле трэці год. Хлопец прызнаўся, што абраў навучальную ўстанову з-за магчымасці бясплатнага навучання, годнай стыпендыі і гарантаванага месца працаўладкавання. Але галоўнае для Уладзіслава – гэта адчуванне, што яго праца прыносіць карысць грамадству і магчымасць дапамагчы людзям, калі следчы, хіба не апошні чалавек, да якога можна звярнуцца пры крадзяжы маёмасці і пошуку справядлівасці.
Самае складанае ў працы, на думку следчага – не абыйсці сваёй увагай дэталі і дробязі, што дазволяць аднавіць карціну падзей злачынства. Для гэтага патрэбна пільнасць і стараннасць.
– Мы часам вызначаем лёс чалавека, таму не можам дазволіць сабе неабачлівасць. Разуменне гэтага стымулюе нас выконваць свае абавязкі шчыра і якасна. Ва ўталітарным сэнсе не страціць увагу дазваляюць іншыя справы, якія вядзе следчы паралельна. Часам невялікі перапынак дазваляе паглядзець на дэталі злачынства, як кажуць, свежым вокам. Але галоўнае, на мой погляд – збор найбольш поўнага аб’ёму інфармацыі, на падставе якой і разгортваецца следства.
Для прыкладу з уласнага вопыту магу ўзгадаць справу, па якой праходзіў адзін кіраўнік сельскага Савета. Справа была прыпынена, потым даручана мне і, дзякуючы нашай агульнай працы, віну асобы за крадзеж, шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і перавышэнне ўлады ўдалося даказаць, – расказаў Уладзіслаў Васільевіч.
Нешматлікі вольны час следчы праводзіць у атмасферы спакою: “Часцей я гляджу трансляцыі спартыўных спабор-ніцтваў. Што да дэтэктыўных фільмаў і серыялаў, то ў мяне прапала да іх цікавасць, як толькі я пачаў навучацца па спецыяльнасці і разумець спецыфіку будучай прафесіі. Мне больш даспадобы дакументальныя стужкі, відаць, адбітак наклала работа, – з усмешкай адзначыў следчы.
Шчыра віншуем супрацоўнікаў огранаў папярэдняга следства і жадаем ім здароўя, дабрабыту і спакою. Няхай у вашай дзейнасці прафілактычная работа пераважае над следча-аператыўнай.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о