Святочная раніца Дня Незалежнасці на Петрыкаўшчыне пачалася з ускладання вянкоў і кветак да помнікаў і абеліскаў тым, каму мы абавязаны мірным небам і незалежнасцю – салдатам-пераможцам, якія абаранілі права беларускага народа на будучыню. Кіраўніцтва раёна, члены грамадскіх арганізацый, працоўныя калектывы аддалі даніну памяці і павагі героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.
У Петрыкаве 3 ліпеня панавала атмасфера яднання. Жыхары горада і раёна адзначалі галоўнае нацыянальнае свята згуртавана і з вялікім размахам.
Гарадская плошча зіхацела яркімі фарбамі чырвона-зяленага колераў – дзясяткі неабыякавых петрыкаўчан з паветранымі шарамі і сцягамі сабраліся на вуліцы Юрыя Гагарына. Работнікі і кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь, ветэраны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прынялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці “Беларусь: вызваленне, памяць, незалежнасць”. З гонарам работнікі Петрыкаўскага РАНС пранеслі сцяг і герб Рэспублікі Беларусь. Скончылася тэатралізаванае шэсце парадам тэхнікі.
Важнай лакацыяй стаў гарадскі парк, дзе прайшоў мітынг з ускладаннем вянкоў і кветак да помніка воінам-вызваліцелям.
Слова ўзяў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Кіраўнік раёна зазначыў, што ў гэты дзень мы аддаём даніну павагі, гераізму і стойкасці беларускага народа, самаахвярнай барацьбе падпольшчыкаў і партызан, працоўнаму подзвігу тых, хто паднімаў рэспубліку з руін, хто заклаў падмурак працвітання і дабрабыту нашай краіны. Мы ніколі і нікому не дазволім перапісаць слаўныя старонкі гэтай гісторыі.
Удзельнікі мітынгу ў маўклівай жалобе схілілі галовы ў час хвіліны маўчання.
Далей святочныя мерапрыемствы перанесліся на пляцоўку амфітэатра гарадскога парка, дзе работнікі ўстаноў адукацыі, культуры прадставілі тэматычныя выставы, а творчыя калектывы выступілі з танцавальнымі і музычнымі нумарамі.
Для жыхароў і гасцей горада працавалі забаўляльныя пляцоўкі. Асаблівая ўвага дзецям. Паскакаць на батуце, паласавацца салодкай ватай, папкорнам, пасядзець у кабіне сельскагаспадарчай тэхнікі, якая была выстаўлена на плошчы, жадаючых было шмат.
Вячэрні канцэрт сабраў каля амфітэатра аматараў музыкі і танцаў. Забаўлялі гасцей артысты з Ляскавічаў, Галубіцы і Курыцічаў, навучэнцы ўстаноў адукацыі і культуры.
Напрыканцы дня петрыкаўчане далучыліся да акцыі “Праспяваем гімн разам!”
Святочны салют, прысвечаны Дню Незалежнасці, завяршыў шэраг мерапрыемстваў.
Сябры, памяць пра подзвіг нашых продкаў з’яўляецца вялікай сілай для ўсіх беларусаў. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што мы – нацыя, якая гатова заўсёды самааддана стаць на абароне Радзімы і яе суверэнітэту.
“ПН” шчыра працавалі для вас, паважаныя чытачы, падрыхтаваўшы яркія здымкі і відэа, якія вы можаце паглядзець на нашым сайце і ў сацыяльных сетках.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий