Мы працягваем серыю публікацый, прысвечаных людзям, што маюць дачыненне да нашай малой радзімы і імёнамі якіх названыя вуліцы населеных пунктаў Петрыкаўшчыны.
Імя Ціхана Бумажкова вядомае сярод землякоў. Магчыма, гараджане не згадаюць дакладныя гады жыцця гэтага чалавека ці падрабязнасці біяграфіі, але пацікавіўшамуся мінаку паведамяць, што Бумажкоў працаваў у адміністрацыі раёна і адным з першых стварыў партызанскі атрад у час Вялікай Айчыннай вайны.
Вуліца Бумажкова – хіба не самая доўгая ў райцэнтры. Ёсць у гэтай магістралі і свой сімвалізм, бо яна апаясвае горад паўкругам з захаду на ўсход працягам трох з паловай кіламетраў. Калі ехаць па ўсёй працягласці гэтай транспартнай артэрыі, то можна пабачыць, пэўна, усе звыклыя для правінцыі краявіды: стадыён змяняе жылая забудова, дзе чаргуюцца прыватныя дамы, двух- і пяціпавярхоўкі. Кінатэатр, пажарная часць і зноў хаты, потым панэлькі ў раёне бальніцы. Заканчваецца ваяж каля драўлянай Пакроўскай царквы, дзе вуліца злучаецца з Ленінскай каля высокага мысу па-над далінай галоўнай палескай ракі – Прыпяці.
У даваенны час тут знаходзілася наваколле горада. У раёне гандлёвага цэнтра “Еўраапт” знаходзіўся сад, а паміж вуліцамі Бумажкова і Пушкіна на картах Працоўна-сялянскай Чырвонай арміі Беларусі і Літвы 1935-га года пазначаны ветраны млын, да якога вёў шлях ад самага цэнтра населенага пункта.
Пасля вайны горад пачаў разрастацца і вызначаная навакольная дарога з цягам часу ператварылася ў вуліцу, якая была названая ў гонар Ціхана Бумажкова.
Ціхан Піменавіч нарадзіўся ў 1910-м годзе ў пасёлку Свіягіна, што зараз належыць да Спаскага раёна Прыморскага краю. Сялянская сям’я Бумажковых мела карані з Магілёўшчыны, але ў пошуках заробку перабралася ў Прымор’е, пасля чаго, у 1922-м годзе, вярнулася ў родныя мясціны. Юнак атрымаў адукацыю ў школе працоўнай моладзі вёскі Княжычы, потым скончыў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум і праз некаторы час быў прызначаны дырэктарам завода будаўнічых матэрыялаў у Клімавічах.
Завод паказваў выдатныя вытворчыя вынікі, заслуга якіх у вядомай ступені прыпадала на арганізацыйныя здольнасці яго кіраўніка. Адміністрацыя Мінскага трэсту вырашыла перавесці Ціхана Бумажкова на буйнейшую вытворчасць – цагельны завод № 18 у Петрыкаве. Мужчына ад прапановы не адмовіўся, адказаўшы кіраўніцтву сціпла: “Калі давяраеце – давер трэба апраўдваць”.
З гэтага часу пачаўся палескі этап біяграфіі нашага героя. Кажуць, што яго “сакрэтам” было заўсё-ды знаходзіцца сярод людзей, адчуваць іх патрэбы і надаваць асаблівую ўвагу прапановам. Гэты чалавек заўсёды знаходзіў паразуменне з падначаленым, акрэсліваў дакладныя мэты, меў падтрымку і карыстаўся аўтарытэтам у калектыве. Доказам таму можа служыць наступны факт: прыкладна праз год, як сям’я Бумажкова перабралася ў Петрыкаў, Ціхан Піменавіч быў зацверджаны на пасадзе старшыні райвыканкама. А ў ліпені 1939-га года працаўнікі Петрыкаўшчыны абралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Пры Ціхане Бумажкове больш шпаркімі тэмпамі адбывалася “сцягванне” хутароў. З’явіліся новыя вёскі: Серп, Молат, Рэкорд. За непрацяглы час яго кіраўніцтва доля калектывізацыі ўзрасла з 87,5 да 96 % і налічвала 6801 гаспадарку з ліку свойскіх сядзіб.
Гаворачы мовай сучаснай, Ціхан Піменавіч з’яўляўся сапраўдным антыкрызісным кіраўніком, і, вядома, яго талент быў асабліва запатрабаваны не толькі на вытворчасцях, паказчыкі якіх былі далёкія ад узорных, але і на новых участках, дзе пытанне арганізацыі і парадку стаяла найбольш запатрабавана. Такім чынам, нядоўга давялося працаваць мужчыне на Петрыкаўшчыне. У 1939-м годзе яму прапанавалі ўзначаліць райкам ВКП(б) толькі што створанага Акцябрскага раёна.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Ціхан Бумажкоў, як прадстаўнік улады раёна, стварыў адзін з першых знішчальных атрадаў, які потым ператварыўся ў партызанскі атрад “Чырвоны Кастрычнік”. Падраздзяленне актыўна ўзаемадзейнічала з часцямі Чырвонай Арміі, наносіла ўдары па тылах і штабах ворага, знішчала масты і іншыя камунікацыі. Ужо 18 ліпеня 1941-га года быў знішчаны штаб нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля на Акцябршчыне. Апрача палонных было захоплена 55 броне- і аўтамашын, 2 радыёстанцыі, 27 матацыклаў, 45 каней з вазамі і грузам, а савецкія мсціўцы завалодалі штабной дакументацыяй.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза таварышам Бумажкову Ц. П. і Паўлоўскаму Ф. І., асабліва вызначыўшымся ў партызанскай барацьбе супраць германскага фашызму” ад 6 жніўня 1941-га года за адвагу і геройства былі ўзнагароджаны Залатымі Зоркамі Герояў.
Лістоўка з указам выпадкова трапіла ў рукі старэйшага брата Бумажкова – Макара, які змагаўся з ворагам у 121-й стралковай дывізіі. Яго падраздзяленне было разбіта пад Слонімам і байцы Чырвонай Арміі супрацьстаялі акупантам, знаходзячыся ў акружэнні. Макар вырашыў прабірацца да брата і праз пэўны час трапіў у атрад на Акцябршчыне, але Ціхана не знайшоў – апошняга спачатку адправілі ў Маскву, дзе мабілізавалі ў шэрагі Чырвонай Арміі і пасля накіравалі на Паўднёва-Заходні фронт на пасаду начальніка палітаддзелу кавалерыйскай групы ў корпусе Гараднікова.
На вялікі жаль, сустрэцца братам не было наканавана лёсам ужо ніколі: старшы палітрук Ціхан Бумажкоў загінуў пры выха-дзе з акружэння ў баі лістапада 1941-га года пад вёскай Оржыца Палтаўскай вобласці Украінскай ССР, дзе і быў пахаваны разам з 485-цю баявымі таварышамі.
У гонар аднаго з першых Герояў Савецкага Саюза ў час вайны былі названыя вуліцы ў Мінску, Мазыры, Бабруйску, Петрыкаве, вёсцы Парэчча, таксама завулкі ў сталіцы і Бабруйску. У 1961-м годзе помнік Ціхану Бумажкову быў усталяваны ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, а ў 1969-м годзе ў гонар Ціхана Піменавіча быў перайменаваны пасёлак Залессе. Летась, з нагоды Дня народнага адзінства, на фасадзе аднаго з дамоў з’явіўся мурал, прысвечаны памяці гэтага чалавека.
Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий