Патрыёты краіны аб’ядналіся

0
331

18 сакавіка ў Мінску прайшоў устаноўчы з’езд Беларускай партыі “Белая Русь”. На з’ездзе былі прыняты статут і праграма партыі. Акрамя таго, прынята аднагалоснае рашэнне, што ўзначальваць Беларускую партыю “Белая Русь” будзе Алег Раманаў. Удзел у знакавай палітычнай падзеі краіны прыняла і дэлегацыя нашага раёна.

На высокі форум было абрана больш за тысячу дэлегатаў. Пачынаючы з вышэйшых органаў улады, прадстаўнікі ўсіх сфер – адукацыі, культуры, аховы здароўя, прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, прыватнага бізнесу, грамадскія дзеячы – у адзіным парыве выбралі шлях дэмакратыі і стварэння, шлях, які гарантуе нашай краіне далейшы росквіт, мір і незалежнасць. Так, у праграме партыі закладзена некалькі напрамкаў, але ўсе яны ў канчатковым выніку вядуць да дабрабыту грамадзян і моцнай эканомікі краіны.

“Вы ўпісалі яркую старонку ў гісторыю суверэннай Беларусі. Тыя задачы, якія стаяць перад кожным з нас па захаванні сваёй роднай краіны, па выкананні тых задач, што ставіць перад намі Прэзідэнт – наш нацыянальны лідар – мы паспяхова выканалі. Бо мы ведаем, як нам жыць”, – адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава, звяртаючыся да дэлегатаў з’езда Беларускай партыі “Белая Русь”.

Па словах спікера верхняй палаты беларускага Парламента, у зале з’езда сапраўды сабраліся тыя аднадумцы, якія жывуць жыццём сваёй краіны, свайго народа і думаюць пра будучыню нашай роднай Беларусі.
Як пазначыў лідар партыі Алег Раманаў, мы на пачатку вялікага шляху і перад партыяй пастаўлены важныя задачы, вырашэнне якіх будзе служыць на карысць беларускага народа і дзяржавы.

– Мы ўсе сёння павінны разумець: каб наша краіна па-ранейшаму была востравам стабільнасці, працвітання і развіцця, трэба прыкладаць вялікія намаганні. У першую чаргу, у кансалідацыі. І наша партыя можа і будзе такім сувязным звяном, – падкрэсліў Алег Раманаў.

Нікога не пакінула абыякавым выступленне Рыгора Азаронка. Народным словам ён выказаў меркаванне пра патрабаванні да партыйцаў, пра ўнутраную чысціню і адказнасць за лёс народа Беларусі.

Па агульным меркаванні выступаючых на з’ездзе, новая беларуская партыя мае і свой пэўны сакральны сэнс, які ў поўнай меры адлюстраваны ў назве “Белая Русь”, – чыстая, святая, незалежная і няскораная. Да таго ж, стварэнне партыі прадыктавана часам. Нам сёння неабходны дыялог паміж беларускім грамадствам і дзяржавай, вельмі важна слухаць і чуць адзін аднаго.

  • Слова дэлегату
    Людміла ГОШКА, дырэктар установы “Капаткевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”:
    Патрыёты краіны аб’ядналіся
    – Складана пераацаніць значнасць падзеі, сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі якой нам пашчасціла стаць. Заснавана Беларуская палітычная партыя “Белая Русь”, якая ставіць перад сабой архіважную ў сучасных геапалітычных умовах мэту – захаванне і ўмацаванне міру і згоды ў нашай краіне, будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы.
    Падзеі апошніх гадоў паказалі, што менавіта ў адзінстве наша сіла. Разам мы насамрэч здольны на многае. Упэўнена: новая партыя аб’яднае рашучых, актыўных, неабыякавых да лёсу Беларусі грамадзян, а такіх у нашай краіне, і на Петрыкаўшчыне ў тым ліку, тысячы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о