Днямі на афіцэрскім сходзе перад супрацоўнікамі РАНС выступіла загадчык ад-дзела абслугоўвання і інфармацыі Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Сцяфняк. Улічваючы, што сёлета аб’яўлены Год гістарычнай памяці, спецыяліст распавяла пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Карныя аперацыі і тысячы спаленых вёсак, лагеры смерці, гета і іншыя месцы прымусовага ўтрымання, паказальныя пакаранні смерцю – усё гэта палітыка фашысцкага генацыду на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – пачала Алена Міхайлаўна. – За 1941-1944 гады акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый, у час якіх было спалена звыш 9 тысяч вёсак, з іх 5 295 падзялілі лёс Хатыні і былі знішчаны разам з усім ці часткай насельніцтва. Са спаленых вёсак 186 так і не адрадзіліся. Людзі паміралі ад агню і выбухаў гранат, якія ляцелі ў вокны і дзверы. Старых і дзяцей жывымі кідалі ў агонь, а тых, хто выбег з полымя, забівалі. 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей і 508 жанчын, загінулі ад рук карнікаў у вёсцы Ала. 21 чэрвеня 2020 года на месцы вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс ахвярам спаленых вёсак.

Нельга забыць!
Алена Міхайлаўна падрабязна расказала пра лёсы жыхароў Петрыкава і раёна ў час акупацыі.
– Трагічны лёс Хатыні падзялілі 7 населеных пунктаў Петрыкаўшчыны: Беразнякі, Вялікія Селюцічы, Хвойня, Доўгія Нівы, Малыя Нівы, Людзвіноў, Зарэчка. З іх 2 так і не адрадзіліся.Нямала дзяцей і падлеткаў сталі ахвярамі зверстваў фашыстаў.
У памяшканні музычнай школы ў час акупацыі размясцілася біржа працы. Яна займалася ўлікам насельніцтва: не толькі дарослых, але і падлеткаў, якія нароўных з дарослымі выкарыстоўваліся на цяжкіх работах – капанні траншэй, узвядзенні абарончых збудаванняў, нарыхтоўцы лесу. Тут адбіралі здаровых юнакоў і дзяўчат для адпраўкі на працу ў Германію, а дзяцей ад 8 да 14 гадоў – у спецыяльныя лагеры, дзе ў іх забіралі кроў для параненых нямецкіх салдат.
У канцы размовы спецыяліст адзначыла, што прыведзеныя факты – толькі некаторая частка прыкладаў, якія адлюстроўваюць бесчалавечную сутнасць мэтанакіраванай палітыкі знішчэння беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Выступленне Алены Міхайлаўны было пранікнёным і нікога з прысутных не пакінула абыякавым.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о