Ад кожнага з нас залежыць будучыня краіны

0
253

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава на гэтым тыдні сустрэлася з актывам Беларускага саюза жанчын Гомельшчыны. Удзел у мерапрыемстве прынялі і актывісткі раённай арганізацыі.

Даведацца больш пра сітуацыю ў краіне і задаць свае пытанні старшыні Савета Рэспублікі змаглі ўсе жадаючыя. Кола закранутых тэм максімальна шырокае: ад будучай электаральнай кампаніі да пытанняў захавання міру і ролі моцнай сям’і ў пабудове здаровага грамадства.

Пытанні сямейных каштоўнасцей і дэмаграфіі ў фармаце жаночага дыялога прадказальна не засталіся без увагі. Яно і зразумела – многія ў зале і самі выхоўваюць дзяцей. Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што нават у невялікіх райцэнтрах зараз ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Але пры гэтым дэмаграфічная сітуацыя выклікае трывогу, а моладзь не імкнецца браць шлюб і абцяжарваць сябе дзецьмі. Спікер нагадала:

– Наша пакаленне не глядзела на тое, што кухня агульная або грошай не хапае. Стварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей было заканамернымі. У адным я цвёрда ўпэўнена: будуць сем’і, будуць нараджацца дзеці – будзе будучыня ў нашай краіны.
Асобна спыніліся на падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу. Адказваючы на пытанне з залы, якім павінен быць дэлегат ВНС ад грамадскіх арганізацый, Наталля Качанава пазначыла:

– Галоўнае, каб гэта быў сумленны чалавек, адданы сваёй краіне і які падтрымлівае яе палітыку. Каб ён не баяўся выказаць сваё меркаванне. Нам трэба вучыцца рашуча адстойваць сваю пазіцыю.
Абмеркавалі і няпростую міжнародную абстаноўку. Старшыня Савета Рэспублікі ў час сустрэчы неаднаразова падкрэсліла, што нашая краіна ніколі не будзе агрэсарам. Захаванне міру – у генетычнай памяці беларусаў.

З просьбай перадаць па-дзяку кіраўніку дзяржавы за пераўтварэнне Петрыкава і рэалізацыю маштабнага вытворчага праекта звярнуліся да Наталлі Качанавай прадстаўнікі Петрыкаўшчыны, адрасаваўшы пытанне пра тое, што ў Год міру і стварэння абавязкова павінен зрабіць кожны беларус.
“Кожны беларус на сваім месцы можа зрабіць для міру ўсё, што ад яго залежыць, адказна выконваючы сваю работу”, – упэўнена Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала пра падзеі 2020 года. “Чаму мы выстаялі ў 2020 годзе? У першую чаргу, канешне, дзякуючы жорсткай пазіцыі нашага лідара. І зараз наша агульная задача заключаецца ў тым, каб у Год міру і стварэння людзі разумелі і шанавалі сваю краіну, дзяржаўную палітыку, працягваючы жыць і працаваць, ствараючы выгоды для сябе, сваёй сям’і і дзяржавы. Каб захаваць мір на нашай зямлі, важны ўклад кожнага. Пакуль людзі будуць адчуваць падтрымку адзін аднаго, будзе мір”, – акцэнтавала Наталля Качанава.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о