На вытворчым участку “Петрыкаў” філіяла № 13 ААТ “Гомельаблаўтатранс” сёмы год працуе вадзіцелем грузавіка Іван Пінчук. Мужчына нарадзіўся і жыве ў Чалюшчавічах, разам з жонкай Алай выхоўвае 9-гадовую дачку Таццяну. На пытанне, ці не далёка знаходзіцца месца працы, Іван Фёдаравіч з усмешкай адзначыў, што большасць часу ён праводзіць у камандзіроўках, таму істотнай розніцы няма.

Маршрутам буйнейшых будоўляў БеларусіМужчына з дзяцінства захапляўся тэхнікай. Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, паступіў у Акцябрскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, дзе і атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля. Шэсць гадоў працаваў у рыбгасе “Трэмля”, потым ездзіў на заробкі і зрэшты ўладкаваўся ў “Гомельаблаўтатранс”. Як падзя-ліўся суразмоўца, умовы яго задавальняюць, таму мяняць месца працы ў планах няма.
Спіс аб’ектаў, на якіх давялося працаваць Івану Пінчуку, даволі ўнушальны. Упэўнены, што і вы, паважаныя чытачы, чулі пра большасць з іх са сродкаў масавай інфармацыі:
– Мы працавалі на будаўніцтве індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, Нацыянальнага аэрапорту “Мінск”. Два разы нас накіроўвалі на рамонт маста ў Жыткавіцкім раёне. Пад горадам Горкі будавалі магілёўскую аб’язную трасу. Давялося працаваць на будаўніцтве аўтамагістраляў Р-23 пад Слуцкам і М-5 каля Бабруйска, – падзяліўся Іван.
Я, у сваю чаргу, выказаў меркаванне, што гэта, напэўна, вельмі цікава, працаваць у розных кутках Беларусі, але кіроўца даў зразумець, што адносіцца да камандзіровак стрымана, бо дзе б ён ні быў, якія б аб’екты не даводзілася будаваць, у першую чаргу ён узгадвае і жадае быць бліжэй да сям’і.
Па ўсім відаць было, што суразмоўца па-мужчынску сціплы і працавіты. Таму і часу ў гаспадара не багата: у вольныя ад працы дні Іван Пінчук перабудоўвае і рамантуе набыты на малой радзіме дом, і толькі зрэдку мужчыне выпадае выбрацца на рыбалку.
Напрыканцы нашай размовы Іван Фёдаравіч пажадаў калегам здороўя, поспехаў і, канешне “ні цвіка, ні жэзла”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о