“Міс Усмешка” родам з Мышанкі

Конкурс прыгажосці “Міс Усмешка” прайшоў у Мышанскім гарадскім Доме культуры, у якім чатыры юныя ўдзельніцы спаборнічалі за тытул галоўнай міс.
Незвычайна прыбраных і злёгку ўсхваляваных удзельніц прыйшлі падтрымацьматулі, якія хваляваліся не менш, таты, бабулі, дзядулі і, вядома ж, сябры.
Ужо з першых хвілін паказу гледачы і журы былі скораны абаяннем і непасрэднасцю юных прыгажунь, якія грацыёзна дэфіліравалі па сцэне, арыгінальна і з гумарам расказалі пра сябе.
Годна паказалі сябе ўдзельніцы ў інтэлектуальных конкурсах, дзе прадэманстравалі свой розум і кемлівасць. Ну а ў танцавальным конкурсе дзяўчынкам не было роўных: чароўная ламбада, хвалюючы і загадкавы ўсходні танец, запальны твіст і чароўны рускі народны танец “Калінка-малінка” выклікалі буру эмоцый і шквал апладысментаў гледачоў.
Пасля заключнага конкурсу-дэфіле “Беларусачка” старанні ўдзельніц былі па заслугах ацэнены членамі журы.
Званне “Міс Чароўнасць” атрымала Ксенія Назарава, тытул “Міс Яркасць” прысвоены Валерыі Гроздзь, “Міс Пазітыў” Валерыі Бойка, а тытул “Міс Усмешка” і прыз глядацкіх сімпатый атрымала Лізавета Стрыгун.
Усе ўдзельніцы атрымалі дыпломы і падарункі, а гледачы – зарад добрага настрою і пазітыўных эмоцый!

Алена ПЛІКУС,
рэжысёр філіяла “Мышанскі ГДК”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о