Літаратары Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прынялі актыўны ўдзел ў святкаванні Дня беларускага пісьменства ў старажытным Капылі.

Пісьменнікі Гомельшчыны на малой зямлі Кузьмы Чорнага і Цішкі ГартнагаПершая творчая сустрэча з чытачамі адбылася 4 верасня ў цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэках з уручэння памятнага падарунка ад творцаў з Палесся. У прысутнасці прадстаўнікоў Міністэрства культуры старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч уручыў кіраўніцтву двух асветніцкіх устаноў унікальную бібліятэчку кніг гомельскіх аўтараў, якія з 2013 па 2021 гады станавіліся лаўрэатамі абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Гэтаксама кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі, члены дэлегацыі Міхась Сліва, Лідзія Долбікава, Тамара Кручэнка і іншыя творцы падаравалі свае новыя творы з аўтографамі капыльскім чытачам.
У межах творчай сустрэчы з работнікамі культуры Капыльшчыны, юнымі чытачамі размова ішла пра сённяшні стан літаратуры, пра кнігі, якія вучаць дабру і міру на беларускай зямлі, пра наш нацыянальны характар. У сваю чаргу і гамяльчанам з вуснаў гаспадароў было цікава пачуць пра новы куток з вялікай гісторыяй: Капыль вядомы з 13 стагоддзя, ён некалі быў дастаткова важным населеным пунктам у Вялікім княстве Літоўскім, дзе было ажно пяць праваслаўных храмаў. Гэта быў і цэнтр Капыльскага княства ў складзе Слуцкага, а ў 16 стагоддзі за горад біліся казакі Севярына Налівайкі, але былі разбіты Радзівілам. Гэты горад памятае, як па ім хадзілі пісьменнікі Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Алесь Адамовіч і многія іншыя. Твочая сустрэча ў бібліятэках раёна, безумоўна, атрымалася цікавай і запамінальнай як для гасцей, так і для юных і дарослых капылян.

Пісьменнікі Гомельшчыны на малой зямлі Кузьмы Чорнага і Цішкі ГартнагаДалей літаратары Гомельшчыны прымалі самы актыўны ўдзел ва ўсіх агульных мерапрыемствах, сярод якіх асаблівае месца займаў непаўторны футбольны матч паміж юнымі капылянамі і пісьменнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Перамаглі, безумоўна, дружба, кніга і спорт, як гэта і засведчылі прадстаўнікі Гомельскага аддзялення СПБ, якія прывезлі з горада над Сожам плакат “Хварэем” за вас з душою, пісьменнікі і юныя чытачы! Няхай пераможа Дружба, Кніга і Спорт!”. Так і адбылося – нічыя ў гульні, але колькі эмоцый і прыемных хвілін перажылі як гульцы, так і балельшчыкі!
Шмат уражанняў пакінуў у душах і сэрцах некалькі соцен калег і прыхільнікаў творчасці ўрачысты літаратурны вечар лідара вядучай творчай арганізацыі краіны – старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Іванавіча Чаргінца. Творца расказаў пра свой творчы лёс, падзяліўся тым, што яго хвалюе сёння як пісьменніка і чалавека, наказаў моладзі цаніць зробленае дзеля іх папярэднімі пакаленнямі і берагчы сваю краіну. А завяршылася ўрачыстасць праглядам фільма “Чорны пёс” па творах вядомага пісьменніка. І стоячы сотні людзей віталі выдатнага мастака слова і кіраўніка”
5 верасня пісьменнікі Гомельшчыны сустракаліся з чытачамі, наведвалі розныя тэматычныя пляцоўкі свята, прымалі ўдзел у адкрыцці памятных знакаў, а таксама правялі творчую справаздачу на пляцоўцы Саюза пісьменнікаў Беларусі “Слова пісьменніка”.
Імпрэза “З Палескага краю песні і вершы гучаць…” прыцягнула ўвагу шматлікіх прыхільнікаў сучаснай паэзіі і прозы, гасцей фестывалю, капылян. І гэта не выпадкова, бо яе пісьменнікі Гомельшчыны прысвяцілі аразу некалькім важным падзеям грамадскага, культурна-асветніцага значэння. Найперш, цалкам праграма была прысвечана Году народнага адзінства і вынікам правядзення на Гомельшчыне Года класічнай літаратуры і чытання, прысвечанага 100-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа. Творчая імпрэза скадалася: з прэзентацыі літаратурныя выданняў (абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына” і міжнароднага альманаха “Літара”, выданняў фестываля-партнёра “Гомельскіх славянскіх дажынак” – “Берагоў дружбы” з Растоўскай вобласці), арыгінальных паэтычных, празаічных і пузычных твораў.
Вельмі спадабаліся капылянам творчыя выступленні Уладзіміра Гаўрыловіча, Тамары Кручэнкі, Лідзіі

Долбікавай, Людмілы Яськовай (паэтэса з Добруша хораша запрасіла ўсіх гасцей рэспубліканскага свята ў госці, на чарговы Дзень беларускага пісьменства, што адбудзецца ў гэтым райцэнтры ў 2022-ім годзе), песні на вершы гомельскіх аўтараў у выкананні вядомага на Палессі аўтара-выканаўцы Віктара Задарожнага, гумарыстычныя апавяданні Міхася Слівы, прывітанні празаікаў Андрэя Мацвеенкі і Таццяны Майсеевай. На імпрэзе былі прадстаўлены новыя кнігі пісьменнікаў-гамяльчан, якія не змаглі прыехаць на свята, але іх творы, назвы кніг хораша гучалі ў прадстаўленні членаў гомельскай дэлегацыі.
Дарэчы, арганізатары свята адзначылі творчую працу на рэспубліканскім фестывалі членаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” ганаровым дыпломам.
На працягу двух дзён знаходжання ў старажытным Капылі літаратары Гомельшчыны не толькі прынялі актыўны ўдзел у шматлікіх творчых дзеях свята, але і адчулі сапраўдны подых мінуўшчыны і сугучнасць сённяшняга жыцця, прыгарнуліся душой да яшчэ аднаго важнага для беларускай гісторыі паселішча, аддалі яму даніну павагі. А яшчэ прынялі літаратурную эстафету на наступны год: вялікае дзяржаўнае асветніцкае, свята пісьменнікаў прыйдзе ў наш Добруш. І гэта выдатна: нам жа сапраўды ёсць што расказаць пра свае набыткі ўсёй краіне!

Улад ПРЫАЗЁРНЫ
Фота аўтара і прэс-службы Гомельскага аддзялення ГА “СПБ”

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о