Вайна… Цяжкай старонкай пазначана яна ў лёсе савецкіх людзей. Колькі б часу ні прайшло, ліхалецце зноў і зноў смуткам і болем адгукаецца ў нашых сэрцах.

Гэтага нельга забыцьУ рамках Года гістарычнай памяці вучні і настаўнікі Камаровіцкай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ наведалі адну з памятных гістарычных мясцін краіны – Чырвоны бераг. Гэта адзіны ў свеце Мемарыяльны комплекс, прысвечаны самым нявінным ахвярам Другой сусветнай вайны.

Па прыездзе нас сустрэў экскурсавод і па “Прамені памяці” прывёў туды, адкуль у 1941 годзе цягнуліся доўгія вераніцы дзіцячых лёсаў. Першае, што кінулася ў вочы, гэта скульптура худой дзяўчынкі. Рукі яе ўзняты над галавой, нібы цягнуцца да неба, просяць дапамогі. Босыя ногі ледзь кранаюцца зямлі. Чырвоная гранітная дарожка нагадвае крыніцу, што цячэ ўніз і сімвалізуе дзіцячую кроў.

Тут, у Чырвоным беразе, у час вайны знаходзіўся зборны пункт для непаўналетніх ад 8 да 14 гадоў. Сюды іх прывозілі з суседніх вёсак і раёнаў. У дзяцей немцы бралі аналізы крыві, рабілі медыцынскі агляд. Потым кожнаму на шыю вешалі шыльду, на якой змяшчалася ўся інфармацыя пра ўласніка. Здаровых дзетак з Чырвонага берага грузілі ў вагоны і адпраўлялі ў Германію або ў іншыя канцэнтрацыйныя лагеры.
Халодны вецер рве шэрыя хмары, дождж барабаніць па парасонах. Мы стаім, не зважаем на надвор’е. Затаіўшы дыханне, мы слухалі экскурсавода. Ён чытаў пісьмо 15-гадовай дзяўчынкі, Каці Сусанінай. Гэта пісьмо размешчана на імправізаванай школьнай дошцы. Кожнае пачутае слова з болем адгукалася ў сэрцы. На зваротным баку гэтай дошкі – надламаная карта Беларусі, нібы надламаны лёс людзей, што зверскі былі замучаны нямецкімі карнікамі. На карце абазначаны месцы, дзе ў час вайны знаходзіліся канцэнтрацыйныя лагеры.

Восьмы “чорны прамень” заканчваецца белым ветразем, на якім высечаны імёны загінуўшых дзяцей. Гэта сімвал нязбытых дзіцячых мар. Побач мальберты з дзіцячымі малюнкамі. Гэтае светлае месца нібы гаворыць нам: “Што б ні здарылася, ідзі наперад і рабі свет лепшым. І зрабі ўсё, каб гэты боль больш не паўтарыўся”.

Любоў КАРНЕЙЧЫК,
настаўнік беларускай мовы ДУА “Камаровіцкая
сярэдняя школа”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о