Гісторыя некалькіх фотаздымкаў

0
334

Больш за сто гадоў таму мястэчка Петрыкаў атрымала прывілей на правядзенне маштабных кірмашоў, якія ладзіліся тут, згодна з Юліянскім календаром, 20 ліпеня – на Ільін дзень і 1 кастрычніка – на Пакровы. Якраз адзін з такіх кірмашоў і ўдалося адлюстраваць на фотаздымках беларускаму этнографу і фатографу Ісаку Абрамавічу Сербаву, які ў 1912 годзе падарожнічаў па Палессі і спецыяльна наведаў Петрыкаў.
Фатаграфаванне адметнай для нашых мясцін падзеі пачыналася даволі звыкла, але ў хуткім часе пайшло не за планам Ісака Сербава. З самага ранку, калі даследчык паспеў зрабіць толькі некалькі кадраў, яго фотатэхніка выклікала падазрэнні паліцыі. Этнографа арыштавалі і з камерай адправілі пад канвоем да мясцовага прыстава. Адпусцілі падарожніка хутка, але часу на дарогу было патрачана шмат – паліцэйскі ўчастак знаходзіўся за 2-е вярсты ад цэнтра населенага пункта. Таму кірмашовых здымкаў аказалася няшмат.

У час кірмашу на поплаве перад мысам, з відам на Мікалаеўскую царкву

Адметнае месца на выявах займаюць яўрэі. З 1794 года ім забаранялася сяліцца ў гарадах, таму асноўная частка яўрэйскага насельніцтва пражывала ў мястэчках, такіх як Петрыкаў. На фотаздымках бачна і мясцовыя краявіды: частку каплічкі Свята-Увазнясенскай царквы, якая захавалася да нашых часоў. Пазнаецца на фотакартцы і будынак на плошчы, дзе зараз знаходзіцца Міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. А самы вядомы кадр быў зроблены на шырокай прасторы поплаву перад мысам, з відам на Мікалеўскую царкву. У гэтым самым месцы ажыццяўляўся продаж жывёлы. Таксама на некалькіх картках бачна шмат цыганоў у стракатай вопратцы.

Гандаль цыбуляй і часныкам на гарадской плошчы

Вось частка ўспамінаў пра наш горад, якім яго пабачыў Ісак Абрамавіч: “Петрыкаў, адно з найлепшых палескіх мястэчак, займае высокую дзюнную насып на левым беразе Прыпяці. Пра велічыню мястэчка можна меркаваць ужо па тым, што яно налічвае звыш тысячы дамоў і 9 тысяч жыхароў. Кірмашовы з’езд тут заўсёды бывае вельмі вялікі: палешукі прыганяюць на продаж сваіх валоў, цыганы прыводзяць коней, яўрэі – “красны” тавар. Мне хацелася зняць гэты палескі кірмаш як мага шырэй, але…”.
Дзякуючы здымкам даследчыка мы маем магчымасць не толькі па аповедах уявіць наш горад сто гадоў таму, але і пазнаёміцца з гісторыяй родных мясцін візуальна. Ісаку Сербаву ўдалося таксама пакінуць і свае ўспаміны пра наша мястэчка. Так, маючы незгасальную цікавасць да традыцый беларускага народа, навуковец сам пакінуў спадчыну, што стала гісторыяй.

Гараджане перад капліцай Свята-Увазнясенскай царквы

Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага музея.
Фота Ісака СЕРБАВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о