У аўторак, 18 красавіка, у гарадскім кінатэатры “Беларусь” адбылося прафілактычнае мерапрыемства для матуль “Бяспечны дэкрэт”. У холе кінатэатра прапанаваліся квэсты ад выратавальнікаў і актывістаў Чырвонага Крыжа як для дарослых, так і для дзяцей. Тут можна было атрымаць тэматычныя буклеты, паспрабаваць свае веды ў галіне бяспекі жыццядзейнасці, адказваючы на віртуальныя пытанні, ці наўпрост паказаць месцы, што хаваюць бяду на імправізаваных малюнках. Агняборцы распавядалі пра мабільны дадатак “Дапамога побач” і дапамагалі ўсім жадаючым усталяваць яго на смартфон. У глядацкай зале наведвальнікаў чакалі спікеры, што падрыхтавалі для маладых бацькоў карысныя паведамленні.

На другім паверсе для малых быў створаны сапраўдны свет гульняў. Тут дзятву чакалі аніматары з рухомымі заданнямі, работнікі культуры і адукацыі з віктарынамі. А самых маленькіх наведвальнікаў гульнявога зала суправаджалі юныя выратавальнікі з першай гарадской школы.

Матуля ў дэкрэце магла завітаць на мерапрыемства і з малодшым, і са старэйшым дзецьмі. Крыху пабавіць час у гульнявым пакоі, праверыць свае веды адказваючы на пытанні выратавальнікаў, а потым пайсці паслухаць спецыялістаў. Старэйшае дзіця магло застацца бавіць час з клапатлівымі і кемлівымі спецыялістамі. Словам, на мерапрыемства завіталі не толькі жанчыны: з дачушкай ці сынком расфарбоўвалі і малявалі, гулялі з паветранымі шарамі і таты.

Каля 11 гадзін глядацкая зала напоўнілася. Да мікрафона выйшла каардынатар мерапрыемства, інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алена Петушкова. Дзяўчына адзначыла, што вакол нас хаваецца шмат небяспечнасцяў, якія могуць быць непапраўна шкоднымі і для дарослых, але асаблівай увагі патрабуюць малыя дзеці, што пакуль не маюць пачуцця небяспекі. Вядома, кожны чалавек намагаецца прадбачыць і прадухіліць сітуацыі, што пагражаюць жыццю і здароўю, але не менш важна ведаць што рабіць, калі надзвычайная сітуацыя ўсё ж адбылася. Затым да ўвагі быў прапанаваны відэаролік з мерамі засцярогі для жылога памяшкання, каб пазбегнуць траўматычных сітуацый.

Пра характар траўм і агульны нагляд за здароўем дзетак матулі з цікавасцю слухалі раённага педыятра Алену Фіндзюкевіч. А пра першую дапамогу малым расказвала і паказвала на ляльцы-трэнажоры фельчар брыгады хуткай дапамогі Алена Перарэжка. Вядома, жанчыны традыцыйна задавалі спецыялістам разнастайныя пытанні.
Дырэктар раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Мяшкова звярнула ўвагу на асаблівасці развіцця і выяўлення прыкмет хіб у развіцці дзяцей ранняга ўзросту. А загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармацыі і прагназавання Святлана Алёкса нагадала пра сацыяльную дапамогу сем’ям з дзецьмі з боку дзяржавы. Гаворка тут ішла не толькі пра матэрыяльныя выплаты, але і пра паслугі, што аказвае сацыяльная служба.

Мерапрыемства нікога не пакінула абыякавым, мяркуючы пра зацікаўленыя позіркі, абмеркаванні, пытанні з залы і нават натаванні выступленняў спецыялістаў. Што ўжо казаць пра дзяцей, якія атрымалі ў той дзень сапраўдныя эмоцыі ад адпачынку.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о