У рэдакцыю “ПН” паступаюць трывожныя сігналы ад жыхароў мікрараёна Ваенны гарадок. Праблема патрабуе неадкладнага ўмяшання адказных службаў.
Ужо больш за месяц дарожная абстаноўка паміж дамамі № 11 і № 9 нагадвае паласу перашкод. Выкапаная ў рамках рамонтных работ яма на праезнай частцы так і застаецца закінутай. Безумоўна, выканаўцы праявілі “клопат” аб грамадскай бяспецы. Месца раскопак прадбачліва абнеслі яскравай сігнальнай стужкай.
Аднак стракаты пластык не замяняе асфальт і не вырашае праблему перасоўвання. Стужка – гэта толькі часовы маркер небяспекі, а не фінальная кропка рамонту. Больш за трыццаць дзён мясцовыя аўтаўладальнікі вымушаныя штодня змяняць звыклую лагістыку руху.
Але як быць тым, хто апынуўся тут упершыню? Сітуацыя выходзіць за рамкі бытавой нязручнасці, калі гаворка заходзіць аб бяспецы жыццядзейнасці. Як, напрыклад, аператыўна праедзе машына хуткай дапамогі да цяжкахворага чалавека?
Рамонт, які зацягнуўся на дадзеным участку дарогі, выклікае ў насельніцтва заканамернае пытанне: колькі яшчэ сігнальная стужка будзе замяняць рэальныя дзеянні?
Ці не пара адказным службам нарэшце заняцца справай, завяршыць рамонт і прывесці дарожнае палатно ў належны выгляд?
Рэдакцыя газеты бярэ сітуацыю на кантроль.
В.МІКАЛАЕВА, фота аўтара.






Оставить комментарий