Акурат 75 гадоў таму, 9 снежня 1948 года, рэзалюцыяй 260 Генеральнай Асамблеі ААН была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

Любое пагадненне міжнароднага права мае свае перадумовы. Здаецца, кожны разумее, што Канвенцыя мела мэту прадухіліць новыя зверствы супраць нацыянальных, этнічных, расавых ці рэлігійных груп, каб не паўтарыць тых жудасных праяў нацызму, як гэта адбылося ў фашысцкай Германіі.

Але сучаснага чалавека можа здзівіць іншае: няўжо за гады гісторыі пытанне генацыду стала хваляваць сусветную грамадскую супольнасць адносна нядаўна? На жаль, так і гэта падстава прызнаць, што і сусветны соцыум мае і зараз нямала праблем. У шматлікіх кропках свету ўзнікаюць канфлікты на рэлігійнай падставе. Былыя каланіяльныя дзяржавы нібыта “церпяць” ад наплыву мігрантаў, але згадваючы гісторыю сваёй “велічы”, палітычныя лідары забываюцца пра доўгія часы эксплуатацыі тэрыторыі і насельніцтва, што ўваходзілі ў састаў калоній.

Часам эканамічныя патэнцыял і поспехі, тэрытарыяльныя прэтэнзіі, набалелыя праблемы і лёгкае іх тлумачэнне ўказаннем на “вінаватыя” этнічныя групы нараджаюць у грамадстве думку, што адзін народ лепшы (нібы больш здольны да развіцця і заслугоўвае лепшага жыцця) за іншы. І гэтую “сацыяльную хваробу”, здаецца, цяжка не заўважыць і ліквідаваць, але насамрэч не ўсё так проста.
Здаецца, зараз свет стаў больш талерантным. Аднак, адгалоскі паннацыяналістычных настрояў чуваць нават у развітых шматнацыянальных краінах. Не ўпэўнены, што варта распавядаць пра самыя жудасныя інцыдэнты, але ёсць і даволі сціплыя гісторыі, што прымушаюць задумацца.

За год да прыняцця вышэйзгаданай канвенцыі, быў праведзены даволі просты экперымент пад назвай “Лялькі Кларка”. Афраамерыканскім дзецям прапанавалі выбраць больш прывабную, “добрую”, “лепшую” цацку, з якой яны б хацелі гуляць. На першы погляд нічога цікавага ў надзённым тэсце не было, калі б не адна маленькая акалічнасць: на выбар дзецям давалі дзвюх аднолькавых лялек з розніцай у адной толькі прыкмеце — белай і цёмнай “скуры” і валасоў пупсаў. Сумная статыстыка выяўлялася ў тым, што пераважная колькасць маленькіх афраамерыканцаў абіралі белую ляльку як больш мілую і добрую.

Быць не “лепшым”, а годнымЛічу абавязковым нагадаць, што ў тыя часы ў Амерыцы існавала даволі жорсткая сегрэгацыя: афраамерыканцы, а, часам, і іншыя небеласкурыя грамадзяне, павінны былі наведваць асобныя школы, займаліся вызначанымі работамі і мелі нават адмежаваныя пасадачныя месцы ў глядацкіх залах і грамадскім транспарце. Здаецца, што такая дыскрымінацыя па расавай прыкмеце, якую грамадзяне “засвойвалі” з дзяцінства, цалкам тлумачыла вынікі эксперыменту. Памяталі амерыканцы і пра нашумелы сваёй ранейшай актыўнай дзейнасцю ку-клукс-клан.

Быць не “лепшым”, а годным
Але ішоў час. Амерыканскае грамадства пачало называць сябе хіба не ўзорам талерантнасці і роўных магчымасцяў. Быў згаданы і эксперымент з лялькамі, бо некаторыя навукоўцы выказвалі меркаванне, што даследаванне магло быць праведзена не карэктна. Але, па вялікім рахунку, тэст было вырашана правесці яшчэ раз, каб параўнаць мінулыя і сучасныя вынікі і выявіць дынаміку змянення дзіцячых поглядаў. У 2005 годзе паўтораны эксперымент паказаў тую ж несуцяшальную статыстыку: 15 з 21-га цёмнаскурага дзіцяці абралі белую ляльку, што паказвала на нізкую самаадзнаку сваёй этнічнай прыналежнасці.
Вядома, гэты эксперымент не мае дачынення да генацыду, але яскрава паказвае, як з аднаго боку нараджаецца пачуццё паннацыяналізму, а з другога — адчуванне непаўнавартаснасці.
Гэта вельмі стрыманы па сваім змесце прыклад псіхалагічнай праявы этнічнай няроўнасці. Нам, сапраўды талерантным грамадзянам Беларусі, якая ў свае часы аб’яднала да мірнага суіснавання дзясяткі этнасаў, дзе напачатку савецкага перыяду на роўных выкарыстоўвалася 4 дзяржаўныя мовы, дзе некалькі соцень гадоў таму беларускія словы ў дзяржаўных дакументах маглі пісацца нават арабскай вяззю, незразумелыя ідэі “лепшага” народа. Станоўча, што талерантнасць стала для нас сапраўднай нацыянальнай рысай і галоўная наша задача — захаваць як на ўзроўні традыцыі здаровых адносін ў грамадстве.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о