На 1 верасня пратэрмінаваная запазычанасць па “жыроўках” па раёне склала амаль 222 тысячы рублёў.

Па інфармацыі аддзела ахітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, асноўны працэнт запазычанасці за ЖКП ствараюць грамадзяне, якія разлічваюцца па “жыроўках” адзін раз у два, тры месяцы.
Людзі, назапашваючы доўг за “камуналку”, нават не задумваюцца, што аплаціць яго будзе ўдвая цяжэй. Ім, як высвятляецца, няма ніякай справы і да прадпрыемства, якое абавязана рэгулярна разлічвацца з пастаўшчыкамі прыроднага газу, электраэнергіі, набываць гаруча-змазачныя матэрыялы. А між тым, доўг насельніцтва ў 222 тысячы рублёў для ЖКГ раёна – гэта сур’ёзная сума.
– На жаль, у апошні час сітуацыя з запазычанасцю па аплаце жыллёва-камунальных паслуг у нашым раёне пагаршаецца. Таму ёсць некалькі прычын. Так, да асноўных камунальных паслуг было аднесена абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Мы сталі налічваць сумы “за вываз смецця” на ўсе дамы і кватэры ў раёне, нават калі ў іх ніхто не пражывае. Адны ўладальнікі не жадаюць разлічвацца з ЖКГ, іншыя, аформіўшы жыллё, якое дасталася ў спадчыну, паехалі на сваё пастаяннае месца жыхарства за межы Рэспублікі Беларусь і таксама не плацяць. Ёсць кватэры, у якіх зарэгістравана большая колькасць людзей, чым пражывае. Бацькі, дзядулі і бабулі не разумеюць, чаму ЖКГ налічвае сумы за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі на іх дзяцей і ўнукаў, якія пражываюць у іншых гарадах. Складана бывае растлумачыць, што там, у іншым горадзе, іх сваякі, не маючы рэгістрацыі, “за смецце” не плацяць. Не заўсёды своечасова разлічваюцца і пенсіянеры, якія пражываюць у вёсках, дзе няма ні пошты, ні аддзялення банка. Так, капеечка да капейчыны і набягае ўнушальная сума запазычанасці, – распавёў у час сусрэчы начальнік аддзела ахітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Ягор Шапецька.
Як вядома, грамадзянам з нізкім даходам дзяржавай даецца безнаяўная жыллёвая субсідыя. Але трэба памятаць пра тое, што на субсідыю могуць разлічваць выключна дысцыплінаваныя плацельшчыкі, даўжнікам яна не налічваецца.
Складанасці са своечасовай аплатай жыллёва-камунальных паслуг узнікаюць і ў тых, хто атрымлівае заробак у апошнія дні месяца. Такім людзям можна параіць толькі адно: адкладайце грошы загадзя!
Усе ведаюць, што камунальныя паслугі павінны быць аплочаны да 25 чысла. Калі запазычанасць складае адзін месяц – спецыялісты камунальнай гаспадаркі размаўляюць з уладальнікам асабовага рахунку па тэлефоне, асабіста наведваюць даўжніка і высылаюць яму пад роспіс афіцыйнае папярэджанне.
Так, за 8 месяцаў бягучага года, па інфармацыі аддзела ахітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, выдадзена 1460 папярэ-джанняў. Калі ж грамадзяне да 25 чысла другога месяца не разлічваюцца – можа прыпыняцца аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Пасля аплаты запазычанасці аказанне паслуг аднаўляецца. Але падключэнне да ўсіх камунікацый платнае.
Пасля двух месяцаў нявыплаты камунальных плацяжоў жыццё даўжнікоў сур’ёзна ўскладняецца. З 25 чысла другога месяца спагнанне запазычанасці ўжо праводзіцца па натарыяльным выканаўчым надпісе. Выдаткі ўладальніка кватэры ўзрастаюць: ён павінен аплаціць натарыяльны тарыф, што складае 5 працэнтаў ад сумы доўгу, а таксама працу судовых выканаўцаў. Не трэба забываць і пра пеню, якая налічваецца ў памеры 0,3 % ад нявыплачанай ва ўстаноўлены тэрмін сумы за кожны дзень пратэрміноўкі. Бываюць выпадкі, калі сума пені перавышае суму запазычанасці.
– Усяго з пачатку года пададзены 572 выканаўчыя надпісы. З кастрычніка 2016 года мы маем права перадаваць выканаўчы надпіс па месцы працы даўжніка або членаў яго сям’і, каб наймальнік утрымаў суму доўгу з заробку неплацельшчыка, яго жонкі або дзяцей і пералічыў яе ЖКГ. Чалавеку, які паважае сябе, наўрад ці прыемна, калі пра яго бытавыя праблемы становіцца вядома на працы, – пазначыў у час сустрэчы Ягор Уладзіміравіч
Між іншым, звесткі пра неплацельшчыкаў перадаюцца і ў пракуратуру, РАУС, аддзел адукацыі. Што да сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, райжылкамгас паведамляе ў аддзел адукацыі пра намер прыпыніць аказанне камунальных паслуг, і калі педагогам не ўдаецца пераканаць бацькоў разлічыцца па “жыроўцы”, то паслугі сапраўды прыпыняюцца. Зразумела, што пражываць у кватэры без вады ці ацяплення дзеці не могуць, таму яны адбіраюцца з сям’і па прычыне небяспечнага сацыяльнага становішча. Большасць бацькоў не жадаюць “такога шчасця” сваім дзецям і спяшаюцца пагасіць запазычанасць перад ЖКГ.
Даўжнікам трэба памятаць і пра тое, што для іх абмежаваны выезд за мяжу.
Што тычыцца жылога памяшкання, то яно можа быць адчужана ў судовым парадку. І тады продажам кватэры будзе займацца раённая выканаўчая ўлада. Частка атрыманых грошай пойдзе на аплату доўгу і пені, астатнія атрымае ўладальнік кватэры. У Петрыкаве ў 2022 годзе пададзена 3 іскавыя заявы на высяленне. З іх 2 даўжніка ўжо выселены.
– Вельмі важна насельніцтву нарэшце зразумець, што аплата жыллёва-камунальных паслуг з’яўляецца абавязковай і першараднай. Як гаворыцца, аплаціў “жыроўку” і спакойна спі ў цяпле. Раніцай з крана абавязкова зажурчыць вада. І не давядзецца чырванець ні перад уласнымі дзецьмі, ні перад калегамі па працы, ні перад суседзямі за тое, што ты – даўжнік, – рэзюмаваў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ягор Шапецька.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о