Героі маёй сям’і – героі маёй Айчыны

0
548

У год гістарычнай памяці я хачу расказаць пра сваю родную цётачку – ураджэнку Капаткевічаў Ксенію Царун, удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны.
Героі маёй сям’і – героі маёй АйчыныНарадзілася сваячніца 6 мая 1923 года ў шматдзетнай сям’і. У юным узросце дзяўчына вырашыла сама сабе прабіваць шлях у жыцці і паехала ў Мазыр вучыцца на медсястру. Праз два гады яна закончыла вучобу, а праз два дні пачалася вайна. 25 чэрвеня 1941 года Мазырскім РВК была прызвана па мабілізацыі ў 22-гі медыцынскі санітарны батальён. У званні сяржанта была медыцынскай сястрой, лячыла параненых байцоў. У канцы снежня 1942 года батальён трапіў у акружэнне, з якога выбіраўся з цяжкасцю. Можна толькі ўявіць, што давялося перажыць васямнаццацігадовай дзяўчыне ў гады ліхалецця.
Пасля вайны Ксенія Лявонцьеўна жыла ў горадзе Мікашэвічы Брэсцкай вобласці і працавала медыцынскай сястрой у мясцовай бальніцы. За пройдзены ваенны шлях яна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі “За Перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі. За адданасць прафесіі ўзнагароджана медалём “За шматгадовую добрасумленную працу”.
Так здарылася, што сваёй сям’і ў сваячніцы не было, і пасля таго, як яе не стала ў жніўні 1999 года, работнікі сацыяльнай службы перадалі мне яе дакументы, узнагароды, фотаздымкі.
Кожны раз, калі я бываю на магіле цёткі – павязваю на крыж Георгіеўскую стужку, каб было відаць, што тут пахавана ўдзельніца вайны.
Я ганаруся сваёй цёткай. Можа, хто з землякоў пачытае мой аповед і ўспомніць пра сваю аднасяльчанку Ксенію Царун, якая годна пражыла жыццё на карысць Радзіме і людзям.

Ніна Макарэцкая, пасёлак Трэмля.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о