Ацяпляльны сезон не за гарамі – рыхтуемся

0
281

На пасяджэнні райвыканкама абмеркавалі падрыхтоўку арганізацый да асенне-зімовага перыяду, ход нарыхтоўкі кармоў сельгасарганізацыямі і падрыхтоўку да ўборкі зерневых культур, а таксама прыманыя меры па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў, што здзяйсняюцца на тэрыторыі раёна.

Ацяпляльны сезон не за гарамі – рыхтуемся

Падводзячы вынікі асенне-зімовага перыяду 2022-2023 года, а таксама работы, праведзенай у міжацяпляльны перыяд, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр адзначыў, што ў цэлым з асноўнымі задачамі ў мінулым сезоне сфера справілася. Аднак, як нагадаў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, у сельскай гаспадарцы гатоўнасць да халадоў многіх аб’ектаў выклікала пытанні і нараканні. Калі, напрыклад, у жылым фондзе пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц здаюцца сапраўды ў тэрмін, то на фермах, мехдварах, розных вытворчых аб’ектах усё праходзіць не так гладка. Таму ўжо цяпер варта “закруціць” гэту работу, каб у сезон увайсці своечасова і без нараканняў.

Падчас пасяджэння быў прадстаўлены поўны пералік кацельняў раёна, прааналізаваны тэмпы нарыхтоўкі паліва ў аб’ёмах, неабходных для цеплазабеспячэння да канца ацяпляльнага перыяду.

Абмеркавана пытанне замены цепласетак. КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” завяршыла працэдуры закупак труб і камплектуючых, пытанняў з заменай цеплавых сетак быць не павінна, запэўніў намеснік старшыні.

Акрамя таго, разгледжаны пытанні нарыхтоўкі на зіму пясчана-саляной сумесі. Работа ў гэтым накірунку ДРБУ-112 у мінулым годзе была недастатковай. Як зазначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, якасць сумесі не заўсёды адпавядала патрабаванням, “не працавала”. Тэхніка да сезону павінна быць у поўнай наяўнасці, як і ўсе сумесі, рэагенты для падсыпкі дарог, рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Па гатоўнасці энергетычнай сеткі раёна да сезону пытанняў пакуль няма, замена сетак і ліній ідзе ў планавым рэжыме. На выпадак экстраных адключэнняў у раёне маюцца дызель-генератары дастатковай магутнасці. Ёсць такія ўстаноўкі і ў гаспадарках, няспраўныя  даручана адрамантаваць у бліжэйшы час.

Больш увагі неабходна ўдзяліць падрыхтоўцы да зімова-стойлавага перыяду аб’ектаў АПК – халады не павінны адбіцца на аб’ёмах і якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, засяродзіў увагу прысутных старшыня райвыканкама.

У сельскіх населеных пунктах варта якасна і своечасова агле-дзець і даць ацэнку бяспечнасці пячнога ацяплення. Важна мінімізаваць колькасць пажараў з-за няспраўнага пячнога абсталявання, выпадкаў атручвання ўгарным газам.

У выніку ўсім кампетэнтным службам і адказным асобам пастаўлена дакладная задача: да 31 жніўня завяршыць падрыхтоўчыя работы да асенне-зімовага перыяду, атрымаць пашпарты гатоўнасці.

Падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай кампаніі ідзе поўным ходам, аднак лічбы поўнай гатоўнасці нельга назваць здавальняючымі.

Кожная адзінка тэхнікі, ад касілкі да камбайна, па пачатку сезонных работ павінна быць у полі. Што да тэмпаў нарыхтоўкі кармоў – трэба паскарацца, зазначыў Аляксандр Кохан. Ужо цяпер неабходна сфарміраваць мехатрады, вызначыць працоўныя і тэхнічныя рэзервы для якаснага і сваечасовага правядзення работ па нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю зерневых. Калі гаспадаркі не будуць спраўляцца, трэба прыцягваць лясгасы, меліяратараў, камунальнікаў, іншыя прадпрыемствы – як тэхніку, так і людзей.

Акрамя палявой тэхнікі, кіраўнік раёна таксама зрабіў акцэнт на важнасці падрыхтоўкі да жніва зернесушылак. У далейшым тэмпы ўборкі дадуць магчымасць рэгуляваць як магутнасці камбайнага парку, так і зернесушыльнай гаспадаркі.

Так, для ўпэўненага старту ўборкі збожжавых у аптымальны тэрмін трэба ўжо зараз паскараць касьбу. Тэмпы ўкосу на сённяшні дзень недастатковыя, варта паскарацца.

Галіна КАЗАК.

Фота Арцёма ГУСЕВА,

з архіва “ПН”.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о