Звароты – форма сувязі з насельніцтвам

0
449

Вынікі працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб за 2022 год падвялі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Адным з пунктаў парадку дня пасяджэння райвыканкама стала пытанне рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці жыццядзейнасці насельніцтва”. Належная якасць працы са зваротамі грамадзян, аператыўнасць рэагавання на запыты людзей – адзін з галоўных крытэрыяў, па якім ацэньваецца эфектыўнасць органаў мясцовага самакіравання, раённай вертыкалі ўлады. Упраўляючы справамі райвыканкама Алена Пастухова ў сваім выступленні адзначыла, што праца па дадзеным кірунку на Петрыкаўшчыне мае сістэмны характар, але патрабуе больш пільнай увагі і ўдасканалення. Усяго за 12 месяцаў мінулага года ў Петрыкаўскі райвыканкам паступіў 271 зварот, што на 90 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году. З агульнай колькасці: 252 – гэта заявы, 19 – скаргі. Безумоўна, гэта сведчыць, з аднаго боку, пра давер грамадзян да раённай вертыкалі ўлады, з другога – аб недапрацоўках некаторых момантаў на месцах сельскімі Саветамі. У тэматычнай структуры зваротаў лідэрам з’яўляецца сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі: рамонт, эксплуатацыя, утрыманне жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, жыллёвыя пытанні, аплата за паслугі. Таксама жыхароў раёна цікавілі моманты, звязаныя з працаўладкаваннем, налічэннем і выплатай заработнай платы і матэрыяльных выплат, землеўладання, гандлю і прадпрымальніцкай дзейнасці. За мінулы год не паступала невырашальных праблемных сітуацый па пытаннях эканомікі, культуры, спорту і турызму.

Са зваротаў, што паступілі: станоўча вырашаны – 68, накіравана тлумачэнняў па 187, адмоўлена ў 2-х патрабаваннях, вырашэнне праблемы знаходзіцца на кантролі па 14. Як адзначыла Алена Іванаўна, для аператыўнага вырашэння найбольш актуальных праблемных пытанняў насельніцтва ў Петрыкаўскім райвыканкаме працуе “гарачая тэлефонная лінія”, на якую паступілі 52 пытанні, што на 70 менш паказчыка мінулага года. і якая дазваляе жыхарам раёна штодзень звярнуцца не толькі па атрыманню інфармацыі даведачна-кансультацыйнага характару, але і па вырашэнню праблемных сітуацый. З іх станоўча вырашаны – 29, дадзены тлумачэнні на 18, на кантролі – 4. За мінулы год кіруючым актывам райвыканкама праведзена 52 “суботнія прамыя тэлефонныя лініі” на якія паступіла 70 зваротаў па розных пытаннях. На ўсе пытанні дадзены тлумачэнні, застаюцца на кантролі 8.

За мінулы год кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 139 асабістых прыёмаў на якія прыйшлі 122 жыхары Петрыкаўшчыны.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан адзначыў, што праца па Дырэктыве № 2 з’яўляецца ключавым каналам зваротнай сувязі з насельніцтвам і ў гэтым пытанні неабходна дзейнічаць на апярэджанне. Паводле яго слоў, тэматыка зваротаў ахоплівае шырокі спектр праблем, аналіз якіх дазваляе зрабіць выснову, што пытанні ў людзей выкліканы як аб’ектыўнымі прычынамі, напрыклад, недахоп фінансавання, у выніку чаго ідзе перанос тэрмінаў выканання тых ці іншых работ, так і суб’ектыўнымі – неналежнай якасцю працы. Прагучала цвёрдае патрабаванне кіраўніка раёна да прадстаўнікоў улады: пры рабоце са зваротамі грамадзян важна пазбягаць адпісак і фармалізму, адказы даваць па сутнасці, праблему даводзіць да поўнага лагічнага завяршэння. Таксама Аляксандр Васільевіч запатрабаваў ад адказных большага ўзаемадзеяння з насельніцтвам – правядзення выязных прыёмаў, сустрэч у працоўных калектывах, з удзелам спецыялістаў розных сфер.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о