Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кожную трэцюю суботу мая адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. Сёння мы сустрэліся з годным прадстаўніком гэтай прафесіі ў Петрыкаўскім раёне – Паўлам Шэлестам.

21 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спортуНастаўнік фізічнай культуры і спорту ў Смятаніцкай сярэдняй школе карыстаецца вялікай павагай як сярод вучняў, так і сярод калег. Захапленне спортам нашага героя даўно выйшла за межы выкладання вучэбнага прадмета. Павел Генадзьевіч упэўнены, што спорт павінен ісці знутры, а настаўнік – быць прыкладам не толькі ў сваёй прафесіі, а і ў іншых сферах жыцця.

21 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту– Тое, што я стану настаўнікам, я ведаў задоўга да таго, як скончыў школу. Мне падабалася гэтая прафесія і ў іншай ролі я сябе ўжо не ўяўляў, – падзяліўся з намі Павел Генадзьевіч. – Я ўдзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах школы і раёна. Пасля заканчэння ВНУ я прыйшоў працаваць у Петрыкаўскі раён, два гады быў настаўнікам у дзіцячым садку № 5. А ў Смятаніцкай сярэдняй школе сёлета будзе роўна 15 гадоў, як я працую.

Пра свае працоўныя поспехі Павел Шэлест распавёў наступнае:
– Для мяне з’яўляецца добрым паказчыкам, што ў спартакіядзе сярод сельскіх школ мы на другім месцы. Наперадзе толькі гарадскія школы і Капцэвічы. Магу таксама сказаць, што наша спартыўная зала ў вячэрні час заўсёды поўная. Вучні як толькі не дабіраюцца, каб пагуляць у валейбол, футбол ці настольны тэніс. Гонарам для мяне з’яўляецца і той факт, што па валейболе мы заўсёды ў прызёрах. Гульнявыя віды спорту ў вучняў нашай школы – адны з любімых.

21 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спортуНа пытанне, як настаўнік павінен зацікавіць свайго вучня, Павел адказаў, што 50% ідзе ад самога вучня, 50% ад настаўніка.
– Я ніколі ў сваім жыцці не паліў і супраць гэтага. Сам займаюся актыўна спортам, з вучнямі на стадыёне мы бавім шмат часу па-за класнымі заняткамі. Імкнуся ім паказаць і даказаць, што спорт усяму галава. Пра свой стадыён мы дбаем усім сэрцам. Самі траву косім, самі ўкамплектоўваем неабходным інвентаром.
Наш герой актыўны заўзятар футбола.

– Трымаю кулачкі за беларускі “БАТЭ”, у Петрыкаве – за “Шахцёра”, не прапускаем ніводны матч, у тым ліку і выязныя. Ужо ўсю сям’ю “падсадзіў”. Па выходных на стадыён – гэта святое! Дзеці, жонка, бацькі – падтрымліваем нашу каманду разам.
Павел прыкладны сем’янін, які выхоўвае з жонкай двух дзяцей.
– Старэйшы сын Ілля зацікаўлены праграмаваннем, а вось малодшы Кірыл – сапраўдны спартсмен, захоплены футболам, наведвае ДЮСШ. З жонкай Аленай у шлюбе з 2006 года, яна родам са Слабады, я – з Муляраўкі, але абодва скончылі Смятаніцкую школу.

Два гады таму Павел з сям’ёй прымаў удзел у спартыўнай эстафеце да Дня сям’я, дзе занялі прызавое першае месца.
– Так, мы актыўныя ўдзельнікі спартыўных мерапрыемстваў у раёне і за яго межамі. Цяпер мне важна, каб сярод вучняў былі тыя, хто пойдзе ў прафесію настаўніка. Мне здаецца гэта важным – выгадаваць прыемніка. Адзін ужо – Дзмітрый Гурын – працуе настаўнікам у школе ў Бабунічах. Таксама зараз адзінаццацікласнік Данііл Кавальчук два гады запар займае другое месца на алімпіядзе па фізкультуры. На яго мае спадзяванні.

У прафесійнае свята наш герой пажадаў калегам здароўя, цярпення, быць аптымістамі і верыць у лепшае.
– Спорт у Беларусі заўсёды быў, ёсць і будзе на першым месцы. Шчыра веру, што нам ёсць што паказаць на сусветнай арэне. Асобна хачу адзначыць калег – Віктара Радзько з Капцэвічаў і Аляксандра Будніка з гімназіі і пажадаць ім поспеху. Пакуль такія настаўнікі будуць у раёне, нам не страшныя ніякія перашкоды. Усіх са святам!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о