Звяртаем увагу камунальных службаў на непрыемную акалічнасць: у цэнтры горада, пасярод паркоўкі, што прымыкае да будынку па вуліцы Гагарына, 2, з’явілася істотнае паглыбленне. Сітуацыю ўскладняе тое, што прасядае асфальт вакол калектарнага калодзежа, які, адпаведна, утварае каля паглыблення даволі рэзкі пад’ём. Сукупны перапад складае болей за 15 сантыметраў.

Калі для масіўнага транспарту, як то грузавік ці аўтобус, такія перапады вышыні дарожнага пакрыцця асаблівай небяспекі не ўяўляюць, то вось дасведчаныя ўладальнікі легкавых аўто вымушаныя гэтае месца аб’язджаць.


Дзеля справядлівасці трэба згадаць, што гэта не першая праблемная сітуацыя на паркоўцы. У ліпені 2020 года, праз год пасля буйнога добраўпарадкавання горада тут, ля тратуару вуліцы Гагарына з’явіўся сапраўдны правал асфальтавага пакрыцця, што ўтварыў даволі глыбокую яміну. Пра што мы папярэджвалі ў нашых сацыяльных сетках.

А вось тыя, хто трапіў на паркоўку ўпершыню, ці грамадзяне, што наўпрост на імгненне забыліся пра ўважлівасць, мабыць ужо паспелі акрэсліць знянацку склаўшуюся сітуацыю моцным словам. Ва ўсялякім разе асфальт каля калектарнага калодзежа мае нямала расколін.


Вядома, атрымаць праблемы з падвескай ці бамперам свайго легкавіка нізкай пасадкі з-за наведвання паркінгу ў цэнтры Петрыкава не жадае ніхто. Яшчэ складаней заўважыць небяспечнае для машыны месца ў цёмны час сутак.

Спадзяемся, у бліжэйшы час тут з’явіцца адпаведнае абазначэнне, што будзе добра бачна з адлегласці дзясятку метраў. Але, канешне, мера гэта часовая і перапад вышыні на паркоўцы трэба нівеліраваць.
Фотаабвінавачванне
Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий