На гэтым тыдні на сцэне раённага Дома культуры адбылося сапраўднае свята.
Народны калектыў аматарскай творчасці “Крэатыў” філіяла “Петрыкаўскі раёны Дом культуры” прадставіў гледачам тэатралізаваны паказ па аднайменнай п’есе Яўгенія Шварца “Звычайны цуд”. Мерапрыемства прымеркавана да значнай даты: калектыў адзначае – 20-годдзе ў статусе “народны”.
Выбар п’есы для юбілейнага паказу невыпадковы. Гэта казка для дарослых, напоўненая глыбокім сэнсам і філасофскімі роздумамі. Праграма вечара была выбудавана такім чынам, што сюжэт тэатральнага паказу пераплятаўся з віншаваннямі, музычнымі нумарамі ў адрас юбіляраў. На сцэну запрашаліся кіраўніцтва галіны культуры, былыя кіраўнікі і ўдзельнікі “Крэатыву”, госці, мясцовыя артысты. Гэта дазволіла стварыць асаблівую ўрачыстую атмасферу. Узгадваліся і былыя члены калектыву, “прагортваўся” творчы альбом, які налічвае больш за пятнаццаць пастановак.

У складзе сённяшнняга акцёрскага саставу творчай групы нашы таленавітыя землякі: Сяргей Мазуркевіч – Петрыкаўскі райжылкамгас, Ала Мазуркевіч – дзіцячы сад № 3 горада Петрыкава, Антон Кошкін – Беларуськалій, Таццяна Луцэнка і Ганна Чмахіна – сярэдняя школа №2 горада Петрыкава, Алена Варабей, Дзмітрый Вяракса, Алена Кавалёва – раённы Дом культуры, Марына Корж – знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Кіраўнік, пастаноўшчык, рэжысёр – Алена Туравец.
Самадзейныя артысты даказваюць, што сапраўднае мастацтва здольнае тварыць цуды, пераўтвараць звычайнае ў незвычайнае, напаўняць жыццё яркімі фарбамі і незабыўнымі эмоцыямі.
Віншуем народны калектыў аматарскай творчасці “Крэатыў” з юбілеем! Гэта цудоўная дата – сведчанне вашай працавітасці, таленту і непахіснай любові да мастацтва. Вы – сапраўдны скарб культуры Петрыкаўшчыны!
Са святам!

Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.






Оставить комментарий