У Петрыкаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі праходзіць традыцыйная выстава творчых работ дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей інвалідаў Петрыкаўскага раёна пад назвай “Свет вачыма дзяцей”.

Задача выставы – фармаванне талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Як паведаміла намеснік дырэктара ўстановы Наталля Дворнік, удзельнікамі экспазіцыі сталі выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі, навучэнцы сярэдніх школ раёна, а таксама дзеці, якія наведваюць ЦКРНіР. Дапамогу ў стварэнні работ аказвалі педагогі і бацькі, аднак галоўная заслуга належыць юным аўтарам. Кожная работа – гэта плён уласнай фантазіі дзіцяці, яго бачанне свету, якое ён стварыў сваімі рукамі.
Тут можна ўбачыць і тонкае бісерапляценне, і вышыўку ніткамі, і вырабы ў стылі макрамэ, і нават фігуркі з цеста. Асаблівае месца займаюць малюнкі – яркія, эмацыянальныя. Дзяўчынкі і хлопчыкі з душой і любоўю перанеслі на паперу свае думкі і мары.

– Менавіта праз такую творчасць педагогі развіваюць у дзяцей пачуццё прыгожагаі і вучаць бачыць незвычайнае ў звычайных рэчах. Выстава праходзіць штогод у сакавіку-красавіку месяцы. І ў гэтым годзе юныя майстры прадэманстравалі свае здольнасці на поўную сілу, – адзначыла Наталля Віктараўна.
Сёлетняя выстава ўжо паспела ўразіць наведвальнікаў сваёй атмасферай. У кожным вырабе адчуваецца яркасць, любоў і зарад пазітыву, якімі дзеці шчодра дзеляцца з гасцямі.
Пабачыць гэтую прыгажосць можа кожны ахвочы. Экспазіцыя ў Петрыкаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі будзе працаваць да 10 красавіка. Арганізатары рады бачыць усіх, хто хоча далучыцца да свету дзіцячай творчасці і паглядзець на рэальнасць вачыма таленавітых дзяцей. Мы упэўнены, выстава нікога не пакіне абыякавым. Запрашаем усіх жадаючых убачыць гэтую прыгажосць на свае вочы.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий