Напярэдадні святкавання 500-годдзя нашага горада, у газеце за 1 красавіка 2023 года свет пабачыў артыкул аўтара гэтых радкоў “Імем яцвяжскага князя ў сівым паданні” з разважаннем пра легенду аб стварэнні Петрыкава. На гэты раз мы паспрабуем працягнуць нашае падарожжа ў глыб вякоў у святле дадатковых звестак.

Згадаю паслядоўнасць разва-жанняў і высновы з папярэдняга артыкула: легенда пра тое, што Петрыкаў быў заснаваны ў Х стагоддзі яцвяжскім князем Пятром, у прастамоўі – Петрыкам, строга кажучы, не зусім легенда, у натуральным разуменні гэтага выслоўя, а яе скарочаны пераказ. Упершыню ўсім вядомы сціплы радок мы сустракаем на старонках капітальнага выдання “Маляўнічая Расія”, у другой частцы трэцяга тому над назвай “Беларускае Палессе”, што пабачыў свет у 1882 годзе пад рэдактарствам Адама Кіркора.
Складана дакладна казаць, ці то непасрэдна Адам Кіркор так істотна перапрацаваў легенду, ці то гэта зрабіў нейкі яго папярэднік, але складаецца ўражанне, што ўрэшце даследчык дадаў ад сябе некаторыя факты, якія здаваліся яму лагічнымі.
У першую чаргу гэта тычыцца датавання падзей Х стагоддзем, бо ніякія пісьмовыя дакументы і дадзеныя анамастыкі (навукі пра імёны) не пацвярджаюць гэта. Першая згадка пра Петрыкаў, як вядома, адносіцца да 1523 года, у гэты ж час і імя Пётр пачынае шырока распаўсюджвацца сярод усходніх славян. Пэўна, даследчык легенды вырашыў звязаць стварэнне горада з часам масавага з’яўлення гарадоў на тэрыторыі Старажытнай Русі.

Яцвяжскі князь у святле новых крыніц? Давайце разбірацца!Выгляд яцвяга, зроблены па рэштках пахавання з Шчучынскага раёна. Рэканструкцыя антраполага Ігара Чаквіна, скульптар Леанід Яшэнка,
1987 год.

Даволі складана прымаць на веру і звесткі пра яцвяжскае паходжанне князя-заснавальніка горада, бо вядома, што яцвягі на рубяжы тысячагоддзяў жылі на тэрыторыі паміж рэкамі Нараў і Нёман, даходзячы на поўдні да Пабужжа і цярпелі ад шматлікіх паходаў князёў Русі і польскіх каралёў.
Ёсць і яшчэ адно пытанне, што патрабуе адказу: чаму князь яцвягаў-язычнікаў меў хрысціянскае імя? Спробы ахрысціць плямёны яцвягаў прымаліся значна пазней і аказаліся няўдалымі.
Як бачыце, паважаныя чытачы, адзін радок пераказу легенды пра стварэнне нашага горада выклікае больш пытанняў, чым адказаў. У нейкі час нават склалася ўражанне, што больш дэталяў гэтай сціплай гісторыі мы ўжо не спазнаем.
Але не на гэты раз! Аднойчы, воляю лёсу мне давялося гутарыць з беларускім даследчыкам, знаўцам гісторыі яцвягаў Сяргеем Віцязем, які ў чарговы раз наведваў Петрыкаў. Навуковец і падказаў звярнуць увагу на адзін ананімны твор, дзе, як раз і змяшчалася найбольш поўная версія легенды пра стварэнне Петрыкава.
Невялікае па сваім аб’ёме выданне “Воспоминание о древнем православии Западной Руси” пабачыла свет у 1867 годзе.
Невядомы аўтар, які, хутчэй за ўсё быў асобай духоўнай ці блізкай да духавенства, апісвае гісторыю гэтых земляў захапляльна і нават прыгодніцкі, пачынаючы з асобы князя Тура – легендарнага заснавальніка горада Турава. Прапаную спачатку пазнаёміцца са зместам работы, а ўжо потым яе прааналізаваць:
“Тур-вараг, са сваёю дружынаю зацвердзіўся ў Тураве, здолеў падпарадкаваць сваёй уладзе яцвяжскіх старшынь галоўных паселішчаў яцвяжскіх, у асаблівасці тых мясцін, дзе зараз Давыд-Гарадок і Петрыкаў, і заснаваў з імі варага-яцвяжскі саюз…
Тур-вараг стаў уладаром ўсяго ўзбярэжжа зямлі яцвягаў па рацэ Прыпяці і правадыром варага-яцвяжскага саюза. Але, як выхадзец з дружыны Аскольда і Дзіра, ён падтрымліваў з імі жывы саюз як з братамі-варагамі, таварышамі па зброі. Тур, як вараг, віцязь, як сабрат, не мог не прыняць удзел у паходах Аскольда і Дзіра на Канстанцінопаль. І Аскольд і Дзір, без дапамогі варага-яцвяжскага саюза не здолелі б пабудаваць такую флатылію ладдзей… Толькі ў зямлі яцвягаў маглі варагі набраць майстэрскіх плаўцоў і паляўнічых…

Яцвяжскі князь у святле новых крыніц? Давайце разбірацца!Мастацкі вобраз князя Тура. Мастак Яўген Кулік, 1995 год.

Наступствы гэтага паходу былі вядомыя. Як Аскольд і Дзір, так і Тур, і старэйшыны яцвяжскія прынялі святое хрышчэнне. І як Тур перадаў сваё імя Тураву і племені тураўцаў, так старшыня яцвяжскі сваё імя Давыд-Гарадку…, а другі старшыня сваё імя Пётр перадаў Петрыкаву і яго жыхарам – петрыкоўцам”. Напрыканцы невядомы аўтар дадае: “Пры далейшай распрацоўцы мясцовых архіваў, паданне пра хрышчэнне Тура, Пятра і Давыда можа атрымаць гістарычнае пацвярджэнне, зараз толькі з верагоднасцю можна сцвярджаць, што вера Хрыстова пранікла ў горад Тураў з часоў Аскольда і Дзіра”.
Прачытаўшы гэтыя радкі, можна пагадзіцца, маўляў, ну вось і адказ хіба не на ўсе пытанні. Але, пры крытычным падыходзе, гэты аповед становіцца больш падобны на разважанне, бо ўтрымлівае дапушчэнні, а не факты.
Больш за тое, ананімны аўтар ніякім чынам не апісвае ўзаема-дзеянне мясцовага насельніцтва са з’явіўшыміся тут варагамі. Яшчэ больш сумнявацца прымушае блытаніна ананімнага аўтара ў летапісных звестках. Так, Тур называецца паплечнікам Аскольда і Дзіра, але гэтыя асобы жылі ў розныя часы. Браты Аскольд і Дзір з’яўляюцца на гістарычнай арэне ў 860-х гадах, калі яны сапраўды здзейснілі першы паход на Канстанцінопаль. Князь Тур жа адзіны раз згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” у 980 годзе. Такім чынам Тур аніяк не мог дапамагчы ў ваеннай кампаніі Аскольду і Дзіру.
Хутчэй за ўсё, менавіта гэтая грубая памылка невядомага аўтара і прымусіла адмовіцца ад публікацыі поўнага варыянта легенды. Адам Кіркор скараціў паданне да аднаго радка, пакінуўшы толькі тыя дэталі, што не выклікалі відавочных супярэчнасцяў.
Што тычыцца нашага роднага горада, то ўзнікае і яшчэ адно пытанне: чаму, калі прымаць звесткі легенды пра заснаванне Петрыкава ў Х стагоддзі, за пяцьсот з лішкам гадоў (да 1523 года) наш горад не трапіў у пісьмовыя крыніцы?
Сукупнасць раней пералічаных акалічнасцяў паказвае, што Петрыкаў сапраўды з’яўляецца прыкладна ў XV-XVI стагоддзях.
Некаторыя з чытачоў задумаюцца: як, у такім выпадку быць з легендамі, няўжо яны не вартыя ўвагі? Безумоўна вартыя, але ўспрымаць іх літаральна часцей за ўсё нельга. Легенда перш за ўсё – вобразнае паразуменне мінулага, мадэль светапогляду нашых продкаў на сівую даўніну, помнік вуснай народнай творчасці. А ці існуюць яшчэ легенды пра стварэнне нашага горада? Зусім нядаўна мне трапілася яшчэ адно, дагэтуль невядомае паданне, з якім пазнаёмлю вас, паважаныя чытачы, у наступным артыкуле. Да сустрэчы ў чарговай гістарычнай вандроўцы!

Арцём ГУСЕЎ.
Ілюстрацыі з адкрытых крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о