Жывы дыялог з землякамі

0
207

Жывы дыялог з землякаміПетрыкаўскі раён з рабочым візітам наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько.

Праца ў акрузе дазволіла парламентарыю пазнаёміцца з жыццём шэрагу працоўных калектываў. Нягледзячы на розныя сферы дзейнасці наведаных аб’ектаў, мэта візіту прадстаўніка ўлады была адна – наладзіць жывы дыялог з работнікамі, убачыць працу калектываў “знутры».

У час наведвання «Петрыкаўскага аграсэрвісу» парламентарый азнаёміла работнікаў з праграмамі, што рэалізуюцца ў краіне па развіцці турыстычнай галіны, новымі гісторыка-культурнымі маршрутамі і экалагічнымі сцежкамі.

Было адзначана, што турыстычную інфраструктуру раёна фарміруюць 12 суб’ектаў аграэкатурызму, 3 дамы паляўнічага, 1 ДРАЦ, 2 аб’екты гасцінічнага бізнесу. Асноўнай валаўтва-ральнай арганізацыяй з’яўляецца Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Таксама ўвага была нададзена пытанням развіцця сельскай гаспадаркі, падтрымкі аграпрамысловага комплексу.

Развіццё сучасных медыя і юбілей раённага выдання –тэмы сустрэчы з працоўным калектывам рэдакцыі газеты «Петрыкаўскія навіны».

Прадстаўнік улады абмеркавала з супрацоўнікамі рэдакцыі бягучую дзейнасць, стратэгію далейшага развіцця друкаванага выдання.

– Сёння раённая газета – гэта галоўны мост паміж уладай і грамадствам. Жыхары давяраюць вашаму слову, таму што на старонках выдання заўсёды знаходзяць аб’ектыўную, шчырую і актуальную інфармацыю пра жыццё краіны, роднага краю, – адзначыла парламентарый

Наведванне Петрыкаўскага раённага Дома рамёстваў (на фота) стала нагодай для размовы пра падтрымку народнай творчасці, захаванне культурнай спадчыны і стварэнне ўмоў для развіцця рамеснікаў.

– Мы павінны актыўна развіваць культурны турызм, каб пра таленты нашых землякоў ведала як мага больш людзей і каб яны прыносілі карысць эканоміцы рэгіёна, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.

Укараненне ідэнтыфікацыйных карт у Беларусі – тэма для абмеркавання з работнікамі калектыву аддзялення па грамадзянстве і міграцыі АУС Петрыкаўскага райвыканкама.

Дэпутат адзначыла: укараненне ID-карт – гэта стварэнне новага, абароненага асяроддзя для ўзаемадзеяння грамадзяніна і дзяржавы. Важна, каб беларусы былі добра інфармаваныя пра ўсе перавагі і асаблівасці новага дакумента.

У кожным з калектываў Святлана Сянько надала ўвагу законатворчай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, падзялілася, як прымаюцца законы, якія ўплываюць на жыццё грамадзян.

У рамках візіту адбылася сустрэча з вучнёўскай моладдзю ў час “Свята апошняга званка” ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе

– Вы – будучыня нашай суверэннай Беларусі, і краіне патрэбны вашы веды, энергія і крэатыўныя ідэі, – падкрэсліла дэпутат.

Прыём грамадзян і прамая тэлефонная лінія сталі абавязковымі пунктамі парадку дня парламентарыя пры наведванні рэгіёну. Такія мерапрыемствы дазваляюць узняць актуальныя пытанні, якія хвалююць людзей, і наладзіць адкрыты дыялог паміж уладай і грамадзянамі.

Падчас прыёму грамадзян былі разгледжаны пытанні ў сферы гандлю і спорту. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Пілер, загадчык сектара спорту Таццяна Харланава.

На “прамую тэлефонную лінію” звярнуліся грамадзяне з Жыткавіч і Петрыкава з пытаннямі налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі і пенсійнага забеспячэння.

У час візіту парлaментарыя на Петрыкаўшчыну на кантролі стаялі і іншыя важныя пытанні. Сярод іх: якасць дарожнага пакрыцця ў раёне, выкананне рамонтных работ у Навасёлкаўскай УВАП, кантроль коштаў і продаж тавараў айчыннай вытворчасці.

Святлана СОБОЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о