Што такое наша жыццё? Напластаванні лёсаў і здарэнняў. І залежыць яго бег ад тых, хто і як жыў на гэтай зямлі раней. Калі здасца, што нешта знікла навек, не верце, а азірніцеся наўкола: у невялікіх выявах мінулае прагляне ва ўсёй сваёй красе.
Палессе, прынамсі як і ўся Беларусь, – гэта цэлы клубок перакрыжавання людзей розных канфесій і нацыянальнасцей, іх агульных лёсаў. І адразу не разбярэш, дзе якая нітачка бярэ свой пачатак і дзе яна заканчваецца.
Гісторыя і культура беларускіх мястэчак – адна з тэм, якая прадстаўлена ў музейным пакоі Пціцкай сярэдняй школы. Пціч – радзіма такіх вядомых людзей, як Гершон Фельдман, гісторык, філолаг, кіраўнік шматлікіх устаноў адукацыі Беларусі і Мота Дзягцяр, пісьменнік.
У 90-я гады ХХ стагоддзя Гершон Фельдман пераехаў у Ізраіль. У гэтай краіне ён займаў пасады намесніка дырэктара школы-інтэрната “Канот”, дэпутата і намесніка мэра горада Ашдода. У Ізраілі Гершон Фельдман стварыў і выдаў трылогію пра жыццё палескіх яўрэяў, у цэнтры трылогіі – лёсы людзей мястэчка Пціч.
Мота Дзягцяр пісаў аб будоўлях пяцігодак, аб простых савецкіх працаўніках – будаўніках, цеслярах, рабочых. Важнай тэмай у творчасці Моты з’яўлялася роднае Палессе, для яго гэта тэма была невычэрпнай.
У музейным пакоі Пціцкай сярэдняй школы створаны летапіс населеннага пункта, дзе на старонках цесна перапляліся гісторыі жыцця беларусаў і яўрэяў.
І ў гэтым плане цікавым з’яўляецца супрацоўніцтва Пціцкай школы з адной з даследчыц гістарычнай спадчыны яўрэйскага народа, жыхаркай Мінска, Натальяй Агарэлышавай. Гэтай тэмай яна зацікавілася яшчэ ў юнацтве, магістарская работа Наталлі таксама была пра яўрэйскую спадчыну Гомельшчыны.
Аграгарадок Пціч выклікае асаблівую ўвагу, так як тут захаваліся жылыя дамы, у якіх пражывалі Мота Дзягцяр і Фельдманы. Жыццё былога мястэчка краязнаўца ўзнаўляе па кнігах яўрэйскіх аўтараў і па ўспамінах старажылаў.
Наталля часта наведвае Пціч і мясцовую школу, прымае ўдзел у святах вёскі, якія ладзяцца тут улетку. Асабліва любіць яна шпацыры па населенаму пункту, сустрэчы з жыхарамі, вучнямі школы.
Краязнаўца з’яўляецца валанцёрам яўрэйскага валанцёрскага руху. Акрамя гэтага яна супрацоўнічае з яўрэйскім музеем Беларусі, а таксама яўрэйскімі суполкамі Калінкавічаў і Гомеля, блізкага і далёкага замежжа. Валанцёр вывучае гісторыю і культуру, адшуквае цікавыя факты і проста наведвае былыя мястэчкі ў пошуках новага і цікавага.
Наталля Агарэлышава даслала школе і бібліятэцы аграгарадка Пціч пераведзеныя на рускую мову аповесці Моты Дзегцяра.
Такі гістарычны сімбіёз, агульныя намаганні мясцовых краязнаўцаў, педагогаў і вучняў школы і дзеяча еўрэйскага валанцёрскага руху дазваляе ўзнавіць вялікі пласт гісторыі нашых мясцін, які звязаны з пытанням сумеснага суіснавання на Петрыкаўшчыне прадстаўнікоў розных народаў і канфесій.
– Наталля – апантаны краязнаўца і часты наведвальнік нашай школы. Яна добра ведае местачковую гісторыю і дзеліцца сваімі ведамі з намі, – адзначае Людміла Зізюк, дырэктар Пціцкай сярэдняй школы.
Наша Палессе, як і наша Беларусь – гэта гісторыя культурнай разнастайнасці і міжкультурнага дыялогу. І Петрыкаўшчына не выключэнне, а хутчэй яркі прыклад гэтага.
Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.







Оставить комментарий