Вёсачка мая: Рог

0
306

Вёсачка мая: РогТак адбылося, што пры стварэнні аўтадарогі Пціч-Капаткевічы некалькі населеных пунктаў засталіся ўбаку ад гэтай аўтамабільнай трасы. Адным з такіх з’яўляецца вёска Рог. Цікавыя асацыяцыі выклікае назва: ні то рог багацця, ні то закінуты ў далечыні куток, да якога рукі не даходзяць.

Можна меркаваць па-рознаму, але хутчэй за ўсё, гэта выспа паміж балот, якая ўразаецца ў іх паўвостравам – “рогам”. Дарэчы, населены пункт з такой назвай не рэдкая з’ява ў Беларусі: чатыры вёскі знайшлі мы на карце краіны. Яшчэ тры вёскі носяць назвы – Залаты, Кавалёў і Добры Рог, акрамя таго ёсць вёска Рогі і Рогі-Ілецкі.
Як бы там ні было, але населены пункт вельмі цікавы, са сваімі асаблівасцямі.

Вёсачка мая: РогНапрыклад, адным з самых распаўсюджаных у вёсцы было і з’яўляецца прозвішча Герасіменка, вытворнае ад асабістага імя Герасім. Таму калі сярод сваіх знаёмых, жыхароў іншых населеных пунктаў раёна, вы патрапіце на чалавека з такім прозвішчам, то можаце нават не сумнявацца, што калі не ён сам, то карані яго з Рогу.

Побач з вёскай працякае невялічкая Фейса, якая нагадвае хутчэй меліярацыйны канал, чым раку. Пра былыя топкія балоты нагадваюць таксама каналы на захадзе і поўначы ад населенага пункта. Лясы бліз вёскі багатыя на ягады і грыбы – адвечны паляшуцкі дадатак да стала.

Вёска Рог вядома па пісьмовых крыніцах з ХVIII стагоддзя, спачатку належала роду Аскерка, у другой палове ХІХ стагоддзя значыцца як казённая. У гэты час тут дзейнічалі капліца і хлебазапасная крама, пражывала 525 жыхароў. У 1910 годзе ў вёсцы ў сялянскім доме пачала працаваць школа, а ў 1930 годзе быў арганізаваны калгас.

Вёсачка мая: РогСакавік 1943 года парадніў Рог з Хатынню: у населены пункт уварваліся гітлераўцы, якія падпалілі яго. У агні згарэла 121 селішча, фашыстамі было забіта 56 мірных жыхароў.

Вёска ўзнавілася пасля Вялікай Айчыннай вайны. З пачатку ХХ-ка стагоддзя і да сярэдзіны 80-х гадоў населены пункт трымаў амаль аднолькавую колькасць жыхароў – 700-750 чалавек. Другая палова ХХ-га стагоддзя – росквіт беларускай вёскі, і Рог не выключэнне. Наяўнасць сельгаспрадпрыемства дазваляе развіваць інфраструктуру. У вёсцы працуе аддзяленне сувязі, сельскі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, 9-цігадовая школа. Вёска поўнілася галасамі дзятвы, суботнімі вечарамі ў клубе яблыку няма дзе ўпасці – прывозілі “кіно”, пасля якога ладзілі абавязковыя танцы. Моладзь улетку збіралася на вясёлыя летнія танцавальныя вечарыны на свежым паветры пад гармонік.

Аддзяленне “Рог” калгаса “40 гадоў Кастрычніка” з вялікай малочнатаварнай фермай забяспечвала працу для маладых. Вёска прырастала новымі цаглянымі дамамі. У другой палове 80-х гадоў пачынаецца паступовы “адток” моладзі: частка імкнецца вучыцца і, атрымаўшы прафесію, застаецца ў горадзе, а іншыя едуць адразу пасля школы ўладкоўвацца на прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, а то і іншых рэспублік Савецкага Саюза. У ХХІ-м стагоддзі колькасць насельніцтва зменшылася і мясцовая 9-годка была зачынена. Школьнікі пачалі ездзіць на вучобу ў гарадскі пасёлак Капаткевічы.

Але, не гледзячы на выклікі часу, у вёсцы Рог гучыць дзіцячы смех, і населены пункт працягвае свой шлях: працуе крама, сельскі клуб, малочна-таварная ферма ААТ “Пціч-Агра”, фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўвае вёскі Рог і Радкаў.

Ёсць у вёсачцы свае знакавыя месцы: ў 2021 годзе на будынку мясцовага клуба была ўсталявана памятная дошка ў гонар ураджэнца вёскі, Героя Савецкага Саюза, Івана Елісеевіча Самбука, танкіста, удзельніка Фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

У куточку палескім, у баку ад вялікіх дарог жыве сваімі клопатамі і надзеямі невялікая вёска Рог з цікавай і непаўторнай гісторыяй.

Надзея Сігай,
фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о