Петрыкаўскі замак: не легендарная гісторыя

0
31

Іншы раз, падчас экскурсіі ў гарадскім парку, некаторыя землякі шчыра здзіўляюцца, даведаўшыся пра петрыкаўскі замак. Маўляў, нешта чулі, але думалі, што гэта не рэчаісны гістарычны факт, а гарадская легенда, кшталту прывідаў.

Петрыкаўскі замак: не легендарная гісторыя
Вобраз ваяра-вартаўніка петрыкаўскага замчышча

Шкада, канешне, але пра прывідаў у нашым горадзе ніхто не чуў, за падобным фальклорным скарбам трэба выбірацца да Гальшанскіх муроў. А вось замак у Петрыкаве на самой справе існаваў, і гэтаму ёсць пісьмовыя і рэчыўныя пацвярджэнні.

У пачатку XVI стагоддзя Петрыкаў уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага і належаў князям Алелькавічам. Каб супрацьстаяць набегам татар, князь Юрый Алелькавіч (1492-1542) пабудаваў у Петрыкаве драўляны замак для аховы паўднёвых межаў княства. Цалкам верагодна, што вакол фартэцыі і пачало развівацца мястэчка, што было дагэтуль невялікім паселішчам. Размяшчаўся замак, мяркуючы па тапаграфіі і археалагічных знаходках, у цэнтры сучаснага горада, на высокім мысе па-над Прыпяццю, там дзе зараз знаходзіцца гарадскі парк. На жаль, праіснавалі ўмацаванні нядоўга – у 1535 годзе яны былі зруйнаваны і спалены. Яшчэ некалькі разоў крэпасць аднаўлялася і па загадзе Юрыя Алелькавіча мястэчка з замкам былі абнесеныя валам і сценамі, але і на гэты раз умацаванні істотна пацярпелі ў міжусобных канфліктах, што доўгі час не давалі спакою гэтаму краю.

Петрыкаўскі замак: не легендарная гісторыя
Мастацкае ўвасабленне петрыкаўскага замка ў рабоце Івана Перарэжкі

З 1600 года Петрыкавам ужо валодаў род Хадкевічаў. На месцы былога замка Алелькавічаў тут быў узведзены больш магутны бастыённы замак. Але і яго не стала ў 1648-1649 гадах, калі навакольныя мясціны захапілі казакі Багдана Хмяльніцкага.

Нямала пацярпела Петрыкаўшчына ў XVII-XVIII стагоддзях, але ліхалецце змянялася мірным часам: у мястэчка з’яўляліся новыя гаспадары, фартэцыя ў чарговы раз была адноўлена, а пасля перабудавана ў палац. Згодна з інвентаром 1810 года, на месцы дзядзінца застаўся абарончы роў, праз які быў узведзены драўляны мост з двух’яруснай уязной брамай з шатровым дахам, пакрытым гонтаю. Надзейныя дзверы зачыняліся на засаўкі і крукі. Гараджане, як і раней, неслі начную варту, зберагаючы горад ад агню.

У цэнтры замчышча размяшчаўся аднапавярховы прамавугольны драўляны палац з бруса, які, апрача шэрагу жылых пакояў, меў парадную залу і гардэроб. Гаспадарчыя і службовыя памяшканні знаходзіліся ў асобнай пабудове, каб не замінаць гаспадарам, а вакол палаца быў разбіты сад, які спускаўся да берагоў Прыпяці.

Петрыкаўскі замак: не легендарная гісторыя
Фрагменты кафлі, знойдзеныя падчас раскопак 2019 года

У 2019 годзе ў гарадскім парку былі праведзеныя ахоўныя раскопкі. Археолагі выявілі невялікую частку падмурку бастыённай сцяны. На тым месцы ўсталяваны зараз інфармацыйны знак, які нагадвае пра падзеі гісторыі таго даўняга часу.

Акрамя гэтага, было знойдзена шмат фрагментаў рознакаляровай, арнаментаванай кафлі, што ўпрыгожвала інтэр’еры замка. На некаторых кавалках захаваліся раслінныя арнаменты і сюжэтныя кампазіцыі. Падобная кераміка адносіцца да канца XVI – XVII стагоддзяў і была знойдзена ў час даследавання Мірскага замка. Некалькі фрагментаў кафлі, манеты, часткі посуду знаходзяцца ў экспазіцыі Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, але большая частка рэчаў, зной-дзеная археолагамі на месцы замчышча, адправілася на даследаванне ў сталіцу.

Шкада, але не захавалася ці застаюцца невядомымі планы замчышча, не наведваліся сюды і мастакі, прынамсі ніводнага малюнку сучаснікаў петрыкаўскіх умацаванняў па-над Прыпяццю ніхто не сустракаў. Разам з тым, ужо ў наш час мясцовы мастак Іван Перарэжка, ведаючы гісторыю замку, напісаў некалькі карцін, што знаходзяцца зараз у музеі. Дзякуючы гэтым палотнам мы маем магчымасць, хоць бы і прыблізна, уявіць сабе петрыкаўскую фартэцыю больш чым за чатыры сотні год таму.

Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о