Пакуль ААТ “Пціч-Агра” знаходзіцца ў стадыі перадачы дакументаў кіруючай арганізацыі СУП “Палессе-Аграінвест”, фактычны кантроль над тэрыторыяй, здаецца, канчаткова страчаны. Як вынік – на тэрыторыі МТК “Конкавічы”, які не эксплуатуецца ўжо некалькі гадоў, з’явілася маштабная стыхійная звалка, “эпіцэнтрам” якой стала сіласная яма, пераўтвораная ў глыбокі смеццевы рэзервуар.
“Асартымент” знаходак уражвае сваёй разнастайнасцю: ад бытавых адходаў да спецыфічнага будаўнічага і прамысловага смецця.

Несанкцыянаваныя звалкі – дакор безгаспадарлівасці і бескультур’ю
Хто вінаваты і што рабіць?
Юрыдычна працэс перадачы актываў у “Палессе-Аграінвест” яшчэ не завершаны, атрымліваецца класічная карціна: стары гаспадар ужо апусціў рукі, а новы яшчэ не мае паўнамоцтваў.
Аднак завалы смецця збіраліся тут гадамі, а не за апошні тыдзень. Атрымліваецца, што “Палессю-Аграінвест” разам з актывамі давядзецца прымаць на баланс і чужую безгаспадарлівасць. А рэкультывацыя падобнай звалкі, між іншым, – справа затратная і працаёмкая. У ідэале, каб да канчатковага падпісання актаў прыёму-перадачы тэрыторыя набыла належны выгляд, бо перадаваць трэба працуючыя актывы, а не экалагічныя праблемы.
Аднак гэта толькі адзін бок медаля…

Несанкцыянаваныя звалкі – дакор безгаспадарлівасці і бескультур’ю
Адваротны бок медаля
У корані несправядліва ва ўсім вінаваціць толькі кіраўніцтва гаспадаркі і “пераходны перыяд”. Безумоўна, адміністрацыя абавязана ахоўваць сваю маёмасць, адказнасці за ўтварэнне стыхійнай звалкі з іх ніхто не здымаў. Але давайце паглядзім праўдзе ў вочы: змесціва ямы на ферме не ўпала з неба. Аналіз адходаў дае ўсе падставы меркаваць, што звалка з мясцовай “прапіскай” – значная частка смецця мае самае што ні на ёсць бытавое паходжанне. Старая мэбля, мяшкі з хатнім хламам, дзіцячыя цацкі, тэлевізар, рэшткі будматэрыялаў – усё гэта “дабро”, адназначна, “пераехала” на МТК з падворкаў аграгарадка. Логіка простая і цынічная: “навошта плаціць за вываз смецця, калі побач ёсць пустуючая ферма са зручнай ямай?”.

Несанкцыянаваныя звалкі – дакор безгаспадарлівасці і бескультур’ю
Час пераходзіць на асобы
Сёння, у дзень абласнога суботніка, дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Алена Асадчая з калектывам наводзіць парадак на МТК. Але ці справядліва, што новы кіраўнік павінен марнаваць рэсурсы і час на ўборку за тымі, хто абвык жыць па прынцыпе “дзе жыву, там і гажу”?
Хочацца нагадаць, што экалагічная культура пачынаецца не з распараджэння старшыні райвыканкама ці сельскага Савета, дырэктара ці ўпраўляючага, а з сумлення кожнага жыхара. Самым дзейсным “рэгулятарам” парадку быў і застаецца маральны компас тых, хто жыве побач.
У ідэале рашэнне гэтай і падобнай сітуацыі нам бачыцца ў тым, каб кампетэнтныя службы не проста фіксавалі факты звалак, але і праводзілі праверку. Сучасныя метады дазваляюць вылічыць “аўтараў” смецця нават па ўскосных доказах у мяшках ці “пазнавальнай” маёмасці – у вёсцы, дзе ўсё навідавоку ў суседзяў, гэта зрабіць у разы прасцей. Час пераходзіць ад агульных штрафаў на юрыдычных асоб да персанальных пратаколаў на тых, хто ператварае родную зямлю ў памыйніцу.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о