Шчырая акцыя прайшла на Петрыкаўшчыне 8 сакавіка.
“Дарыць падарункі прыемней, чым іх атрымліваць” – з гэтым дакладна пагодзяцца актывісты Маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў. Вось ужо трэці год запар маладыя актывісты сумесна з карэспандэнтам раённага выдання праводзяць па-сапраўднаму шчырую акцыю ў галоўнае вясновае свята. З раніцы моладзь віншавала цудоўную палову Петрыкаўшчыны, выпадковых прахожых, з якімі сустракаліся на вуліцах райцэнтра, са святам. Для акцыі былі абраныя традыцыйныя вясновыя кветкі, такія як цюльпаны, выгадаваныя ў Петрыкаўскім лясгасе. Зямлячкі, якія атрымалі кветкі, выказвалі шчырую падзяку за ўвагу і зарад пазітыўных эмоцый. Таксама для прыгожай паловы чалавецтва былі падрыхтаваны сувеніры ад Петрыкаўскіх навін і Петрыкаўскага лясгаса. Асаблівую ўвагу прыцягвалі прыгожыя паветраныя шары з вясновымі матывамі, упрыгожаныя фігуркамі арыгамі, якія ўручную зрабіла адна з актывістак Маладзёжнага савета. Многія адзначалі, што такія акцыі робяць свята больш цёплым і запамінальным.
– Так прыемна атрымліваць такія шчырыя знакі ўвагі. Гэта сапраўды ўзнімае настрой, я вельмі рада, што ў нас такая моладзь, ведаеце, думала, што такое бывае толькі ў Цік-току! Шчыры вам дзякуй, рабяты! – падзялілася эмоцыямі адна з атрымальніц букета.
Маладзёжны савет плануе працягваць падобныя акцыі і далей, каб нагадаць усім пра важнасць павагі і любові да жанчын не толькі ў святочныя дні, але і ў паўсядзённым жыцці.
Марыя ТАМКО.
Фота аўтара.






Оставить комментарий